Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да прыхільнікаў «традыцыйных каштоўнасьцяў» прыходзіць міліцыя — за подпісы пад зваротам да Лукашэнкі


Беларуская ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» на акцыі супраць хатняга гвалту, 2019 год
Беларуская ініцыятыва «Маршыруй, дзетка» на акцыі супраць хатняга гвалту, 2019 год

Група грамадзян, якія называюць сябе «прадстаўнікамі пралайфэрскіх арганізацый» і «прыхільнікамі традыцыйных каштоўнасьцяў», увосень 2021 году зьбірала подпісы пад зваротам да Лукашэнкі.

Яны прасілі, каб ён не прымаў паправак у закон аб прафіляктыцы правапарушэньняў. Цяпер да многіх падпісантаў прыйшла міліцыя.

«Пыталіся, ці сапраўды я ставіла подпіс і што мне не падабаецца», — скардзіцца адна з падпісантак. «Міліцыя дапытвалася, для чаго я ставіла подпіс пад зваротам, калі і дзе. Ці не ставіла я подпіс на пікеце», — дадае другая.

Чаго яны хацелі ад Лукашэнкі?

З 2018 году «група грамадзян» піша шматлікія звароты ў дзяржаўныя органы. Яны зьбіраюць подпісы супраць абортаў, за забарону «ЛБГТ-ідэалёгіі», супраць закону аб хатнім гвалце. У 2018 годзе закон аб хатнім гвалце ня быў прыняты — на загад Лукашэнкі.

З пачатку 2022 году былі прынятыя папраўкі ў закон аб прафіляктыцы правапарушэньняў. Супраць паправак і выступалі «прыхільнікі традыцыйных каштоўнасьцяў».

Яны сьцьвярджаюць, што зварот падпісалі 3 тысячы чалавек.

Група грамадзян вырашыла, што пад выглядам паправак адбываецца прасоўваньне закону аб хатнім гвалце. Яны выказаліся ў звароце, што супраць паправак. Бо яны супраць таго, што хатніх агрэсараў пасьля паправак у закон можна будзе абмяжоўваць.

«Мэта гэтага праекту не абарона рэальных ахвяраў, а прасоўваньне ў беларускае заканадаўства прынцыпаў радыкальных антысямейных ідэалёгій, такіх як фэмінізм, гендэрная ідэалёгія і тэхналёгіі дэпапуляцыі. Праект накіраваны на дыскрымінацыю мужчын і разбурэньне сям’і», — напісалі аўтары звароту.

Яны прасілі Лукашэнку «не дапусьціць прыняцьця закону», «выключыць магчымасьць якога-небудзь уплыву радыкальнага фэмінізму, уплыву гендэрнай ідэалёгіі на прыняцьце рашэньняў у сфэры сямейнай, сацыяльнай і культурнай палітыкі».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG