Рэфэрэндум узмоцненага рэжыму: ужо завялі 200 крымінальных спраў за пагрозы і абразы чыноўнікаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ў Менску

Рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю пройдзе ва ўмовах узмоцненага рэжыму з боку міліцыі і выратавальнікаў. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі 18 лютага заявілі прадстаўнікі МУС і МНС.

Начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзянскага парадку МУС Аляксандар Купчэня заявіў, што са студзеня па 17 лютага ў краіне распачалі 200 крымінальных спраў аб пагрозах ці абразе «службовых асобаў ці асоб, якія выконваюць грамадзкі абавязак». Ад сяброў камісій у міліцыю паступіла 100 скаргаў. Гэта скаргі на паведамленьні ў мэсэнджары, лісты, улёткі ў паштовую скрынку ці тэлефанаваньні.

Распачата 9 крымінальных спраў за «шкоду маёмасьці», «перашкоды ў праве браць удзел у рэфэрэндуме». Міліцыянт патлумачыў, што «шкода маёмасьці» — гэта нанясеньне надпісаў на сьценах ці разьмяшчэньне ўлётак пра рэфэрэндум «экстрэмісцкага характару».

З 21 па 29 лютага міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Апроч міліцыі, участковым камісіям будуць дапамагаць «добраахвотныя дружыны» і «дадатковыя мабільныя дружыны ў поўным рыштунку».

Прадстаўнік МНС Сяргей Новік на прэсавай канфэрэнцыі зазначыў, што ратавальнікі таксама будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Цяпер практычна на кожным участку будзе ратавальнік.

«Задзейнічаны будуць каля 5 тысяч супрацоўнікаў МНС», — дадаў Новік. Яны будуць адказваць за «пажарную бясьпеку». Дзяжурыць на ўчастках будуць і работнікі сыстэмы аховы здароўя, але не на ўсіх.

​
XS
SM
MD
LG