Лукашэнка: ядзерную зброю разьмесьцяць у Беларусі толькі ў выпадку пагрозаў з боку Захаду

Беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022», 10 лютага 2022. Ілюстрацыйнае фота
Беларуска-расейскія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022», 10 лютага 2022. Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў 17 лютага журналістам пасьля таго, як азнаёміўся з ходам беларуска-расейскага вучэньня «Саюзная рашучасьць – 2022» на палігоне «​Асіповіцкі»​, перадае БелТА.

«У выпадку неабходнасьці, калі такія бязглуздыя, дурныя крокі зробяць нашы супернікі, мы разьмесьцім ня толькі ядзерную зброю, але і яшчэ звыш’ядзерную, пэрспэктыўную, каб абараніць сваю тэрыторыю», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Ён дадаў, што, калі для Беларусі ня будзе ніякіх пагроз з боку «недружалюбных краін», то ядзерная зброя тут «100 гадоў не патрэбная».

Стратэгічная ядзерная зброя была разгорнутая ў Беларусі, а таксама ў Казахстане і Ўкраіне да моманту распаду Савецкага Саюзу. Беларусь адмовілася ад гэтай зброі і ўключыла ў Канстытуцыю 1994 году абавязаньне заставацца бязьядзернай зонай.

На 27 лютага заплянаваны канстытуцыйны рэфэрэндум. Аляксандар Лукашэнка, якога на Захадзе не прызнаюць легітымным кіраўніком Беларусі, у лістападзе 2021 году ўзьняў пытаньне аб магчымасьці разьмяшчэньня ў краіне расейскай ядзернай зброі. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паўтарыў гэтую заяву ў сьнежні.

​
XS
SM
MD
LG