Расейскія войскі на сумесных зь беларускімі вучэньнях пад Берасьцем, люты 2022
Высокапастаўлены прадстаўнік амэрыканскай адміністрацыі назваў сьцьвярджэньні Масквы аб адводзе войскаў «хлусьнёй».
Прадстаўнік Белага дому назваў «ілжывай» заяву Масквы аб адводзе часткі войскаў ад украінскай мяжы, паведаміў «Голас Амэрыкі» са спасылкай на агенцтва Reuters.
«Учора расейскі ўрад заявіў, што адводзіць войскі ад мяжы з Украінай. Гэтая заява прыцягнула да сябе шмат увагі як тут [у ЗША], так і ва ўсім сьвеце. Але цяпер мы ведаем, што гэта было хлусьнёй», — сказала крыніца, якая размаўляла з журналістамі ўвечары 16 лютага на ўмовах ананімнасьці.
Таксама крыніца дадала, што ў сапраўднасьці наадварот, — Расея нават павялічыла прысутнасьць на ўкраінскай мяжы «на 7000 вайскоўцаў», частка якіх прыбыла ў рэгіён зусім нядаўна.
Прадстаўнік адміністрацыі Байдэна таксама паўтарыў, што Расея можа выкарыстоўваць «ілжывую» падставу для ўварваньня ва Ўкраіну «ў любы момант», дадаўшы, што, хаця Масква заяўляе, што хоча дасягнуць дыпляматычнага рашэньня, яе дзеяньні паказваюць на адваротнае.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс сустрэнецца з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у кулюарах штогадовай Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы, якая пройдзе ў канцы гэтага тыдня. Агенцтва «Франс-Прэс» паведамляла аб гэтым са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка Белага дому. Сустрэча, заплянаваная на суботу, стане «рэальнай магчымасьцю падкрэсьліць нашу прыхільнасьць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», сказала крыніца.