«Настоящее время» вядзе прамую трансьляцыю прэс-канфэрэнцыі Пуціна і Шольца.
Шольц прыляцеў у Маскву сёньня пасьля візыту ў Кіеў, які адбыўся днём раней. Гэта першая сустрэча Шольца з Пуціным пасьля таго, як у канцы 2021 году ён узначаліў новы ўрад Нямеччыны.
На пачатку сустрэчы з Пуціным нямецкі канцлер заявіў, што рады магчымасьці асабістай сустрэчы для ўрэгуляваньня канфлікту. Ён адзначыў важнасьць урэгуляваньня адносінаў паміж дзяржавамі шляхам дыялёгу.
Між тым у Крамлі паведамілі, што асноўнымі на перамовах стануць «актуальныя тэмы двухбаковага і міжнароднага парадку дня, у тым ліку пытаньні, зьвязаныя з атрыманьнем доўгатэрміновых, юрыдычна зафіксаваных гарантыяў бясьпекі РФ і ўрэгуляваньнем унутрыўкраінскага канфлікту». Паводле словаў прэсавага сакратара Пуціна Дзьмітрыя Пяскова, адной з тэмаў сустрэчы таксама стане запуск газаправоду «Паўночны паток — 2».
Пасьля прылёту ў Маскву Шольц адмовіўся ад прапановы расейскага боку зрабіць яму тэст на каранавірус перад сустрэчай з Пуціным і палічыў за лепшае зрабіць ПЦР-тэст, неабходны для допуску ў Крэмль, у нямецкага ўрача ў амбасадзе Нямеччыны ў Маскве. У асяродзьдзі канцлера паведамілі, што нямецкі бок запрасіў прадстаўнікоў органаў аховы здароўя РФ прысутнічаць на тэставаньні. Увесь камплект, неабходны для правядзеньня тэсту, быў прывезены зь Нямеччыны.
Пяскоў заявіў, што адмова Шольца ад ПЦР-тэставаньня расейскімі мэдыкамі ніяк «не паўплывае ні на характар сустрэчы, ні на яе зьмястоўнасьць, ні на працягласьць». Разам з тым перамовы будуць праходзіць «на большай, чым звычайна, адлегласьці». «Ва ўсіх бакоў ёсьць свае пратаколы, ёсьць свае перавагі, і мы з абсалютнай павагай і разуменьнем ставімся да тых пратаколаў, якія ёсьць у нашых партнэраў зь Нямеччыны», — адзначыў прадстаўнік прэзыдэнта РФ.
Перад сустрэчай з Пуціным Шольц усклаў вянок да Магілы Невядомага Салдата ў Аляксандраўскім садзе Крамля. Пасьля перамоваў і рабочага сьняданку заплянаваная сумесная прэсавая канфэрэнцыя, а ўвечары Шольц вылеціць у Бэрлін.
На мінулым тыдні ў Маскву для перамоваў з Пуціным прылятаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. Аднак ні на гэтай сустрэчы, ні на іншых аналягічных перамовах заходніх лідэраў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў з расейскім бокам прагрэсу ва ўрэгуляваньні канфлікту дасягнута не было. Захад заклікае Маскву адвесьці войскі ад украінскай мяжы і пагражае беспрэцэдэнтнымі санкцыямі. Расея ж абвінавачвае краіны Захаду ва ўзбройваньні Ўкраіны і правядзеньні манэўраў паблізу ад межаў РФ.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.