Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індэкс дэмакратыі ў Беларусі за мінулы год яшчэ больш зьнізіўся

ІЧУ Акрэсьціна ў Менску
ІЧУ Акрэсьціна ў Менску

Сёньня дасьледчы цэнтар Economist Intelligence Unit абнародаваў свой штогадовы індэкс дэмакратыі ў сьвеце.

Беларусь у ім заняла 146 месца са 167, узьняўшыся на два радкі ў параўнаньні зь мінулым годам. Аднак пры гэтым індэкс дэмакратыі ў краіне за апошні год зьнізіўся з 2,59 да 2,41.

Яшчэ больш пагоршыліся справы з дэмакратыяй у краін-канкурэнтак. У апошнія гады Беларусь канкуруе ў гэтым рэйтынгу з афрыканскімі краінамі, такімі як Судан і Гвінэя.

Паводле індэксу дэмакратыі Беларусь абышлі ня толькі суседзі (Украіна — 86 месца, Расея — 124 месца), але і такія краіны Цэнтральнай Азіі, як Кіргізстан і Казахстан. Прыкладна такое ж значэньне індэксу дэмакратыі, як Беларусь, мае Ўзбэкістан.

Індэкс дэмакратыі ў 2,41 бала з 10 азначае, што ў Беларусі ўсталяваўся кансалідаваны аўтарытарны рэжым. На думку дасьледчыкаў, аўтарытарнымі можна назваць краіны з індэксам, ніжэйшым за 4 балы. Самая кепская сытуацыя з дэмакратыяй, паводле справаздачы Economist Intelligence Unit, — у Афганістане (індэкс — 0,32), М’янме (1,02) і Паўночнай Карэі (1,08).

Індэкс дэмакратыі вызначаецца паводле пяці крытэраў: дэмакратычнасьць выбарчага працэсу, дзеяздольнасьць уладаў, магчымасьць палітычнага ўдзелу грамадзянаў, палітычная культура і грамадзянскія свабоды.

Усяго, паводле ацэнкі аўтараў індэксу, толькі 21 краіна сьвету можа лічыцца паўнавартаснай дэмакратыяй, яшчэ 53 клясыфікаваныя як «дэмакратыі з заганамі». Аўтарытарных краінаў 59, іх колькасьць у 2021 годзе ўзрасла. На першым месцы, як і ў мінулым годзе, Нарвэгія. ЗША на 26-м месцы і ацэньваюцца як «дэмакратыя з заганамі».

XS
SM
MD
LG