Кітай далучыўся да патрабаваньняў Расеі аб «непашырэньні» NATO

Ілюстрацыйнае фота: лідэр Камуністычнай партыі Кітаю Сі Цзіньпін і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Таджыкістане, 2019 г.
Ілюстрацыйнае фота: лідэр Камуністычнай партыі Кітаю Сі Цзіньпін і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Таджыкістане, 2019 г.

Расея і Кітай апублікавалі сумесную заяву падчас візыту расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў Пэкін. Згодна з дакумэнтам, які абнародаваны сайтам Крамля і цытуецца міжнароднымі СМІ, дзьве краіны выступаюць супраць пашырэньня NATO.

Кітай фактычна падтрымаў пуцінскі ўльтыматум да NATO, агучаны ў сьнежні летась: Крэмль тады патрабаваў гарантыяў, каб у альянс не прымалі краіны былога СССР, у прыватнасьці, Украіну і Грузію.

«Бакі выступаюць супраць далейшага пашырэньня NATO, заклікаюць Паўночнаатлянтычны альянс адмовіцца ад ідэалягізаваных падыходаў часоў халоднай вайны, паважаць сувэрэнітэт, бясьпеку і інтарэсы іншых краін, разнастайнасьць іх цывілізацыйнага і культурна-гістарычнага ладу, аб’ектыўна і справядліва ставіцца да мірнага разьвіцьця іншых дзяржаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Асобна ў дакумэнце гаворыцца, што «Кітай падтрымаў прапанаваныя Расеяй прапановы па гарантыях бясьпекі ў Эўропе».

У заяве гаворыцца, што Расея і Кітай нібыта «маюць глыбокія традыцыі дэмакратыі, заснаваныя на тысячагадовым вопыце разьвіцьця, шырокай народнай падтрымцы і ўліку патрэбаў і інтарэсаў грамадзян».

«Спробы асобных дзяржаў навязваць іншым краінам свае „дэмакратычныя стандарты“, прысвоіць сабе манапольнае права на ацэнку ўзроўню адпаведнасьці крытэрыям дэмакратыі на самой справе зьяўляюцца прыкладам грэбаваньня дэмакратыяй і адступленьня ад яе духу і сапраўдных каштоўнасьцяў», — заяўляюць бакі.

Масква і Пэкін асабліва падкрэсьліваюць, што праблема паходжаньня пандэміі каранавірусу, які пачаў распаўсюджвацца з Кітаю, «ляжыць у навуковай плашчыні», і выступаюць супраць палітызацыі гэтай праблематыкі.

Расея таксама назвала ў гэтым дакумэнце Тайвань «неад’емнай часткай Кітаю» і выступіла супраць незалежнасьці вострава «ў любой форме».

З восені мінулага году ў СМІ пачалі зьяўляцца паведамленьні са спасылкай на выведку аб канцэнтрацыі расейскіх войскаў на мяжы з Украінай. ЗША і іншыя краіны Захаду выказалі здагадку, што Масква рыхтуе ваеннае ўварваньне, і пачалі аказваць вайсковую дапамогу Ўкраіне.

Крэмль гэтыя заявы адпрэчыў і запатрабаваў ад ЗША і NATO «гарантый бясьпекі», у прыватнасьці — не пашыраць Альянс на ўсход. Прадстаўнікі Захаду заявілі, што на саступкі па прынцыповых пытаньнях ня пойдуць.

​
XS
SM
MD
LG