Эўразьвяз падрыхтаваў новыя санкцыі па Расеі ў выпадку яе ўварваньня ва Ўкраіну

Урсуля фон дэр Ляен
Урсуля фон дэр Ляен

Пакет фінансавых і эканамічных санкцый уключае закрыцьцё доступу РФ да замежнага капіталу і меры па «Паўночным патоку — 2», паведаміла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен.

Пра гэта піша DW.

Эўразьвяз падрыхтаваў у дачыненьні да Расеі «значны і ўсёабдымны пакет фінансавых і эканамічных санкцый», якія будуць уведзеныя ў выпадку яе ўварваньня ва Ўкраіну. Пра гэта старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен распавяла ў інтэрвію нямецкаму выданьню Handelsblatt і францускаму Les Echos, апублікаваным у пятніцу, 4 лютага.

Сярод іншага, крокі ўключаюць закрыцьцё доступу да замежнага капіталу і ўвядзеньне экспартнага кантролю, асабліва адносна высокатэхналягічных тавараў, дадала яна. У пакет уваходзяць і меры па газаправодзе «Паўночны паток — 2». Менавіта ад далейшых паводзінаў Расеі залежыць, ці будзе ён уведзены ў эксплёатацыю, адзначыла фон дэр Ляен.

Санкцыі ў дачыненьні да Пуціна не выключаюцца

Кіраўніца Эўракамісіі ня выключыла эканамічных санкцый у дачыненьні да прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна, а таксама асоб зь яго атачэньня і блізкіх да Крамля алігархаў. Акрамя таго, штрафныя меры датычацца камплектуючых, «якія Расея ня можа лёгка замяніць», у тым ліку ў галіне штучнага інтэлекту, узбраеньняў, а таксама квантавых кампутараў, лязэраў і ў касьмічнай галіне".

Раней пра падрыхтаваныя пакеты санкцый супраць Расеі, у тым ліку і супраць найбліжэйшага атачэньня Пуціна і іх сваякоў, заявілі Вялікая Брытанія і ЗША.

​
XS
SM
MD
LG