Паводле прэсавай службы МЗС Беларусі, яму заявілі «рашучы пратэст у сувязі з мэтанакіраваным запускам бесьпілотнага лятальнага апарата з Украіны на тэрыторыю Беларусі».
Украінскі БЛА 24 студзеня 2022 году нібыта незаконна перасек дзяржаўную мяжу Беларусі, яго зафіксавалі і прымусілі сесьці спэцыялісты Ўзброеных сіл.
Як сьцьвярджае Міністэрства абароны Беларусі, БЛА выпусьцілі ў 10:58 сёлета 24 студзеня ў раёне вёскі Пішча Ковельскага раёну Валынскай вобласьці Ўкраіны ў 1,7 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю. Пасьля набору рабочай вышыні ён перакрочыў беларускую мяжу ў раёне вёскі Хмелішча Маларыцкага раёну, далей ён нібыта прайшоў у раён дысьлякацыі палігона «Берасьцейскі».
У сувязі з гэтым 3 лютага ў беларускае абароннае ведамства выклікалі ваеннага аташэ па пытаньнях абароны пры пасольстве Ўкраіны ў Беларусі палкоўніка С. Кацубу, якому ўручылі ноту пратэсту ў сувязі з частымі выпадкамі парушэньня беларускай мяжы (нібыта трэці выпадак зь лістапада 2021 году). У міністэрстве абароны Беларусі Кацубе заявілі, што неабходна правесьці разбор інцыдэнту і праінфармаваць беларускі бок пра ягоныя высновы.
«На падставе аналізу дадзеных бартавой апаратуры дакладна высьветлена, што ён быў запушчаны з тэрыторыі Ўкраіны ў мэтах правядзеньня нелегальнай выведнай дзейнасьці над вайсковым палігонам «Берасьцейскі».
Да ўкраінскага боку даведзена, што гэтымі недружалюбнымі крокамі яна наўмысна правакуе эскаляцыю абстаноўкі ў рэгіёне, што не садзейнічае цывілізаванаму двухбаковаму дыялёгу. Беларускі бок запатрабаваў недапушчэньня такіх дэструктыўных дзеяньняў у далейшым», — заявілі ў МЗС Беларусі.
Рэакцыя Ўкраіны: чарговая правакацыя ўладаў Беларусі
У МЗС Украіны адрэагавалі на інфармацыю беларускага боку:
«Чарговая правакацыя ўладаў у Беларусі. На зьмену мітычным „тонам зброі“ прыйшлі „бесьпілётнікі“. Украіна не выкарыстоўвала БПЛА. Заклікаем Менск не падыгрываць дэстабілізацыйным дзеяньням Расеі. Спакой на мяжы Беларусі і Ўкраіны — у інтарэсах усяго рэгіёну», — напісаў у Twitter сьпікер украінскага МЗС Алег Нікаленка.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе таксама пацьвердзілі, што ў названым беларускім бокам раёне ўкраінскія памежнікі не выкарыстоўвалі бесьпілётных апаратаў. Украінскі бок не выключае, што калі і быў такі выпадак на тэрыторыі Беларусі, то ён можа быць зьвязаны з выкарыстаньнем бесьпілётніка расейскім бокам напярэдадані супольных вайсковых вучэньняў.
«Гэта ня што іншае, як чарговая правакацыя Беларусі. Мы добра памятаем пра кантрабанду зброі з Украіны, якую ў Беларусь „дастаўлялі тонамі“. І гэта адбывалася, паводле Лукашэнкі, з рэгулярнай пэрыядычнасьцю. А далей была „наглуха закрытая“ мяжа. Цяпер яны прыдумалі мітычныя „бесьпілётнікі“», — сказаў прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Паводле яго, нядаўна Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны атрымала ад беларускага боку ліст, у якім паведамлялася аб фіксацыі за 500 мэтраў ад мяжы з Украінай над тэрыторыяй Беларусі бесьпілётнага лятальнага апарату і што там цяпер высьвятляюць ягоную прыналежнасьць.
«У афіцыйным лісьце памежнікі Беларусі не паведамлялі аб незаконным перасячэньні мяжы або магчымай прыналежнасьці лятальнага апарату. У афіцыйным адказе памежнікі Ўкраіны падкрэсьлілі, што ў тым напрамку БПЛА не выкарыстоўваўся. Аднак Беларусі тут галоўнае ня выйсьці на саміх сябе, бо варта ўлічваць супольныя вайсковыя вучэньні Беларусі і Расеі, якія анансаваліся і праходзяць на тэрыторыі Беларусі. Можа, яны сваіх жа і назіралі», – дадаў Андрэй Дземчанка.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.