Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Украіны ў Менску расказаў пра свой выклік у МЗС, дзе яго пільнавала карэспандэнтка БТ

Пасольства Ўкраіны ў Рэспуліцы Беларусь
Пасольства Ўкраіны ў Рэспуліцы Беларусь

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў свой выклік у Міністэрства замежных спраў Беларусі, які адбыўся 3 лютага.

Выклік адбыўся з нагоды інцыдэнту на мяжы, калі Ўкраіны бесьпілётнік нібыта адправіўся на выведку на беларускую тэрыторыю ў месца дысьлякацыі расейскіх войскаў, якія прыбылі на вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022».

«Не пасьпеў я выйсьці зь ліфта ў МЗС Беларусі, як на мяне наляцела беларуская карэспандэнтка дзяржканалу БТ-1 (пазьней я даведаўся, што завуць яе Ксенія) і стала настойліва пытацца, ці не шпіянаж гэта? Тое, што яна зьявілася ў МЗС і загадзя ведала пытаньні, пра якія мы размаўлялі зь беларускімі калегамі, само па сабе ўжо незвычайна і ня робіць гонару дыпляматычнаму ведамству. Таму лічу гэта загадзя сплянаванай правакацыяй», — напісаў Ігар Кізім у сваім фэйсбуку.

Амбасадар таксама адзначыў, што ў Міністэрства абароны ў гэты момант таксама выклікалі памочніка вайсковага аташэ, і яго таксама чакаў карэспандэнт дзяржаўнага тэлеканалу з тым самым пытаньнем.

Ігар Кізім адзначыў, што Ўкраіна ў азначаным месцы бесьпілётнікаў не выкарыстоўвала, тым больш ня мае лятальных апаратаў «Арлан», пра якія ішла размова. А вось войскі Расеі і Беларусі якраз маюць такія бесьпілётнікі. Ён лічыць, што гэтае паведамленьне пра інцыдэнт — правакацыя, таму сьвядома парушаліся і агульнапрынятыя працэдуры.

«Ёсьць спэцыяльныя мэханізмы для ўрэгуляваньня такіх інцыдэнтаў, прадугледжаных двухбаковым пагадненьнем аб дзейнасьці памежных упаўнаважаных, у якіх дакладна прапісаны парадак дзеяньня ў такіх выпадках, у прыватнасьці адпаведных кантактаў на ўзроўні нашых памежных ведамстваў. Навошта трэба было ігнараваць гэтую дамову, выклікаць амбасадара і выносіць усё гэта на публіку? І тут я думаю, ці не зьвязана гэта з тым, што амаль што ў гэты час адбылася сустрэча новага амбасадара РФ у Беларусі Грызлова з Лукашэнкам», — дадаў украінскі дыплямат.

Запрашэньне СМІ бязь ведама ўкраінскага боку — своеасаблівае «інфармацыйнае прыкрыцьцё» правакацыі, на думку Ігара Кізіма.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG