Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу назірае, як ідзе падрыхтоўка да супольных расейска-беларускіх вучэньняў. З кіраўнікамі вайсковых ведамстваў Беларусі і Расеі сустрэўся Аляксандар Лукашэнка, паведамляе Міністэрства абароны Беларусі.
Сяргей Шайгу прыбыў на вайсковы аэрадром у Мачулішчах пад Менскам.
Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін і Сяргей Шайгу будуць назіраць за паказам практычных дзеяньняў войскаў (сіл) у межах адпрацоўкі элемэнту этапу падрыхтоўкі да праверкі сіл рэагаваньня «саюзнай дзяржавы» на тэрыторыі Беларусі. Таксама падчас візыту расейская вайсковая дэлегацыя наведае Берасьцейскую крэпасьць.
Лукашэнка згадаў Украіну і зноў гаварыў пра вайну
«Я хачу сказаць, якую мы асноўную мэту маем на гэтых вучэньнях. Усе заўважылі, што мы нямала тэхнікі перадысьлякуем з Расеі ў Беларусь, у тым ліку і сучаснай. Як мы дамаўляліся і з вамі, і з прэзыдэнтам Расеі, для нас вельмі важна, каб нашы вайсковыя людзі ня проста ўбачылі гэтую тэхніку на малюнку, але і каб, так сказаць, памацалі. Каб разам з расейцамі, братамі сваімі, навучыліся карыстацца гэтай тэхнікай», — сказаў Лукашэнка.
Калі паднялася тэма магчымай вайны, пра што ў апошнія тыдні актыўна пішуць СМІ, Лукашэнка адрэагаваў: «Палезуць — атрымаюць! Вось і ўся вайна».
«Мы гатовыя ствараць яшчэ цэнтры для таго, каб асвоіць і сыстэмы супрацьпаветранай абароны, і найноўшыя ўзоры ўзбраеньняў, якія сёньня ствараюцца на тэрыторыі Расеі. Нам зноў жа крытычна важна іх асвоіць і ўмець карыстацца».
Лукашэнка таксама назваў яшчэ адну мэту правядзеньня сумесных вучэньняў:
«Я яе ня ўтойваю. Сёньня ў нас, на жаль, адкрываецца паўднёвы напрамак. Ад гэтага нікуды ня дзенесься. Мы вымушаныя ўмацоўваць мяжу з Украінай».
«Ваша дапамога тут важная, вашых вайсковых спэцыялістаў, — дапамогуць нам вызначыць самыя болевыя пункты на гэтым кірунку для таго, каб бязь лішніх затрат стварыць гэтую абарону на паўднёвых нашых рубяжах. Гэта таксама важна і для Расейскай Фэдэрацыі. Таму размовы аб вайне — не вайне і гэтак далей... Палезуць — атрымаюць. Вось і ўся вайна. Я пра гэта нядаўна гаварыў. Нам чужога ня трэба. Дай Бог сваё асвоіць — ад Берасьця да Ўладзівастоку», — сказаў Лукашэнка Шайгу.
Сёньня ж у Беларусь прыбыў зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыюмф» аб’яднаньня ВПС і СПА Ўсходняй вайсковай акругі Расеі. Ён мае быць задзейнічаны ў праверцы сіл рэагаваньня так званай «саюзнай дзяржавы».
З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі падчас вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.