Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураджэнца Беларусі асудзілі за незаконнае фінансаваньне кампаніі Трампа

Ігар Фруман, амэрыканскі бізнэсовец, народжаны ў Беларусі, пасьля арышту
Ігар Фруман, амэрыканскі бізнэсовец, народжаны ў Беларусі, пасьля арышту

Ураджэнца Беларусі Ігара Фрумана асудзілі да аднаго году і аднаго дня турэмнага зьняволеньня за ягоную ролю ў схеме ўводу расейскіх грошай у выбары ЗША, паведамляе CNN. Ён зьяўляўся адным з былых паплечнікаў Рудольфа Джуліяні, які быў адвакатам экс-прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Агучаны ўчора прысуд аказаўся мякчэйшым за той, што запытваў фэдэральны пракурор Хэйган Скотэн: ён прасіў судзьдзю прыгаварыць Фрумана да пакараньня ў 37-46 месяцаў, спасылаючыся на «сур’ёзны ўрон», які яго дзеяньні нанесьлі ўпэўненасьці грамадзтва ў справядлівай выбарчай сыстэме. Таксама пракуратура патрабавала штрафу ў памеры ад 15 000 да 150 000 даляраў. У выніку Фруману прызначылі штраф у 10 тысяч даляраў.

Прадпрымальнікі, выхадцы з былога СССР Леў Парнас і Ігар Фруман былі затрыманыя ў ЗША ў кастрычніку 2019 году па абвінавачваньні ў парушэньні правілаў фінансаваньня выбарчай кампаніі. Абодва былі зьвязаныя з асабістым адвакатам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Рудзі Джуліяні. Яны працавалі з Джуліяні над яго спробамі знайсьці кампрамат на палітычнага суперніка Трампа Джо Байдэна і яго сына Хантэра ва Ўкраіне.

Паводле ВВС, Парнас нарадзіўся ва Ўкраіне, а Фруман у Беларусі.

У верасьні Фруман прызнаў сябе вінаватым па адным пункце абвінавачаньня ў прыцягненьні замежных донараў да ўдзелу ў амэрыканскіх кампаніях. Парнас не прызнаў сябе вінаватым.

XS
SM
MD
LG