Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША арыштавалі бізнэсоўца зь Беларусі, зьвязанага з адвакатам прэзыдэнта


Адвакат Трампа Джуліяні п'е каву зь бізнэсоўцам Парнасам у Trump International Hotel у Вашынгтоне, 20 верасьня 2019

Учора ў ЗША былі арыштаваныя два прадпрымальнікі, выхадцы з былога СССР — Леў Парнас і Ігар Фруман. Абодва зьвязаныя з асабістым адвакатам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Рудзі Джуліяні.

Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.

Паводле Бі-бі-сі, Парнас нарадзіўся ва Ўкраіне, а Фруман у Беларусі. Парнас і Фруман былі арыштаваныя па абвінавачваньні ў парушэньні правілаў фінансаваньня выбарчай кампаніі. Чакаецца, што яны зьявяцца ў фэдэральным судзе Вірджыніі сёньня.

Ігар Фруман пасьля арышту
Ігар Фруман пасьля арышту

У траўні Джуліяні назваў абодвух бізнэсоўцаў сваім кліентам. Яны былі спонсарамі Рэспубліканскай партыі і выбарчай кампаніі Дональда Трампа.

У сакавіку 2018 году расейскамоўны сайт у ЗША Forumdaily.com апублікаваў тэкст пра ўдзел Фрумана ў сустрэчы Дональда Трампа з патэнцыйнымі донарамі выбараў 2020 году. У рэпартажы адзначалася, што бізнэсовец, які пражывае ў Маямі і займаецца нерухомасьцю і міжнароднай гандлем, прыехаў у ЗША ў пачатку 1990-х зь Беларусі. Ён нарадзіўся ў мястэчку Калінкавічы Гомельскай вобласьці ў 1966 годзе, а затым пражыў шмат гадоў ва Ўкраіне.

«На выбарах-2016 я рабіў ахвяраваньні ў фонд выбарчай кампаніі Трампа, і цяпер, праз год пасьля заняцьця прэзыдэнцкага крэсла, Трамп палічыў правільным зноў запрасіць нас і зьвярнуцца да сваіх прыхільнікаў», — казаў тады Ігар Фруман.

WSJ адзначае, што менавіта Фруман і Парнас пазнаёмілі Джуліяні зь некалькімі былымі і дзейнымі супрацоўнікамі пракуратуры Ўкраіны для абмеркаваньня справы Гантэра Байдэна, сына былога віцэ-прэзыдэнта і патэнцыйнага кандыдата на прэздыэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэна.

22 ліпеня выйшла сумеснае расьсьледаванне амэрыканскага выданьня BuzzFeed і міжнароднага журналісцкага кансорцыюму па расьсьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP. У ім гаварылася, што Парнас і Фруман датычныя да адкліканьня амбасадаркі ЗША ва Украіне Мары Яванавіч. У траўні бізнэсоўцы сустрэліся з кангрэсмэнам-рэспубліканцам Пітам Сэшнсам, які неўзабаве пасьля гэтага напісаў дзяржсакратару Майку Пампэо ліст з абвінавачваньнямі ў адрас Яванавіч. Сэшнс і Джуліані сьцьвярджалі, што дыпляматка у прыватных гутарках выказвала непавагу да дзейнай адміністрацыі ЗША.

У інтэрвію праграме «Схемы: Карупцыя ў дэталях» (сумесны праект Радыё Свабода і тэлеканалу «UA: Першы») украінскі алігарх Ігар Каламойскі назваў іх «махлярамі» і паабяцаў «вывесьці іх на чыстую ваду».

Раней Associated Press паведамляла, што Фруман і Парнас спрабавалі паўплываць на зьмены ў кіраўніцтве кампаніі «Нафтагаз Украіны». Па дадзеных агенцтва, прадпрымальнікі, разам з нафтавым магнатам Гары Сарджэнтам-трэцім, нібыта стаялі за спробай зьмяніць старшыню «Нафтагазу» Андрэя Кобалева на грамадзяніна ЗША, ураджэнца Расеі, Андрэя Фаварава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG