Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом адмовіўся супрацоўнічаць з Кангрэсам ЗША ў справе імпічмэнту Трампа


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу Нэнсі Пэлосі, архіўнае фота

У Белым доме афіцыйна заявілі, што адмаўляюцца супрацоўнічаць з дэмакратамі ў Кангрэсе ў расьсьледаваньні магчымай працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Белы дом паведаміў Палаце прадстаўнікоў, якую кантралююць дэмакраты, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ня будзе ўдзельнічаць у працэсе імпічмэнту ў заканадаўчай палаце.

У афіцыйным лісьце ад 8 кастрычніка расьсьледаваньне ў дачыненьні да рэспубліканца Дональда Трампа назвалі «незаконным», «неабгрунтаваным» і «неканстытуцыйным».

Сьпікер палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі сказала, што Трамп будзе «прыцягнуты да адказнасьці» за адмову ягонай адміністрацыі супрацоўнічаць.

«Белы дом варта папярэдзіць, што працяглыя намаганьні ва ўтойваньні праўды аб злоўжываньні ўладай прэзыдэнтам ад амэрыканскага народу будуць разглядацца як яшчэ адзін доказ перашкодаў», — сказала Пэлосі.

Раней Дзярждэпартамэнт ЗША забараніў кіраўніку дыпляматычнай місіі ЗША ў Эўразьвязе Гордану Сондланду выступаць на слуханьнях у рамках расьсьледаваньня аб імпічмэнце ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу. Сондланд знарок для гэтага прыбыў у Вашынгтон.

25 верасьня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая кантралюецца прадстаўнікамі Дэмакратычнай партыі, пачала працэдуру імпічмэнту Трампа. Прэзыдэнта абвінавачваюць у «цяжкіх злачынствах і правінах» з прычыны ягонай тэлефоннай размовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у ліпені 2019 году.

Як сьцьвярджаюць палітычныя апанэнты прэзыдэнта ЗША, Трамп падчас званка спрабаваў пераканаць Зяленскага пачаць расьсьледаваньне дзейнасьці ва Ўкраіне Хантэра Байдэна, сына былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джозэфа Байдэна, які зьяўляецца магчымым сапернікам Трамп на выбарах прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе. Калі гэтага не адбудзецца, Трамп нібыта пагражаў блякаваць прадстаўленьне фінансавай і вайсковай дапамогі Кіеву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG