Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра імпічмэнт у ЗША і ці адхіляць дэмакраты Трампа ад улады?


Нэнсі Пэлосі абвяшчае пра пачатак працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта, 24 верасьня 2019

Увечары ў аўторак сьпікерка Палаты прадстаўнікоў кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі заявіла, што Палата гатовая пачаць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа. Прычынай стала тэлефонная размова кіраўніка Белага дому з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая адбыўся 25 ліпеня.

У чым абвінавачваюць Трампа?

Прэзыдэнта Трампа абвінавачваюць у тым, што ён запатрабаваў ад украінскіх уладаў пачаць расьсьледаваньне ў адносінах да свайго магчымага суперніка на выбарах 2020 году, былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

Паводле Канстытуцыі ЗША, абвяшчэньне імпічмэнту кіраўніку дзяржавы — прэрагатыва палаты прадстаўнікоў, у якой цяпер большасьць маюць дэмакраты. Аднак канчатковы вэрдыкт выносіць Сэнат, які цяпер кантралюецца рэспубліканцамі.

Што такое імпічмэнт?

Канстытуцыя ЗША дае Кангрэсу права адхіліць ад улады дзейнага прэзыдэнта, калі заканадаўцы вырашаць, што кіраўнік дзяржавы «учыніў здраду, быў вінаваты ў хабарніцтве або іншых сур’ёзных злачынствах і правапарушэньнях».

У гісторыі ЗША з часу іх утварэньня працэдура імпічмэнту абвяшчалася тройчы. У 1868 годзе Кангрэс паспрабаваў адхіліць ад улады прэзыдэнта Эндру Джонсана, а ў 1998 годзе палата прадстаўнікоў абвясьціла імпічмэнт Білу Клінтану. Аднак Сэнат не ўхваліў абедзьве гэтыя ініцыятывы, і палітыкі захавалі прэзыдэнцкае крэсла.

У 1974 годзе Рычард Ніксан праз пагрозу імпічмэнту добраахвотна пакінуў сваю пасаду, не чакаючы рашэньня Кангрэсу.

Што лічыцца злачынствам прэзыдэнта?

Канстытуцыя ЗША трактуе гэтае паняцьце вельмі шырока, паводле яе падставай для імпічмэнту можа быць ня толькі фармальнае парушэньне закону, але і выкарыстаньне прэзыдэнтам службовага становішча ў асабістых мэтах.

У выпадку з Білам Клінтанам падставай для пачатку працэдуры імпічмэнту сталі не яго сэксуальныя стасункі са стажоркай Белага дому Монікай Лявінскі, а тое, што прэзыдэнт ЗША схлусіў пра іх адносіны пад прысягай.

Як удакладніў у 1788 годзе ў адным са сваіх артыкулаў адзін з бацькоў-заснавальнікаў ЗША Аляксандр Гамільтан, падставай для імпічмэнту можа стаць «выкарыстаньне або злоўжываньне грамадзкім даверам», калі гэта было зроблена ў палітычных мэтах.

Як праходзіць імпічмэнт?

Цяпер 6 розных камітэтаў Палаты прадстаўнікоў вядуць свае ўласныя расьсьледаваньні ў дачыненьні да Дональда Трампа і камэрцыйных прадпрыемстваў, якія належаць яму.

У выпадках Клінтана і Ніксана ініцыятарам імпічмэнту выступаў юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў, які праводзіў расьсьледаваньне і потым прапаноўваў поўнаму складу Палаты прагаласаваць за адхіленьне кіраўніка дзяржавы ад улады.

Закон таксама дазваляе Кангрэсу стварыць адмысловы камітэт, які будзе разглядаць абвінавачваньні супраць прэзыдэнта.

Для прыняцьця рашэньня пра імпічмэнт дастаткова простай большасьці дэпутатаў Палаты.

Калі Палата прыняла рашэньне адхіліць прэзыдэнта ад улады, абвінавачваньні павінен разгледзець Сэнат падчас слуханьняў, якія нагадваюць судовае пасяджэньне. Старшынюе на гэтых слуханьнях старшыня Вярхоўнага суду ЗША.

Група чальцоў Палаты прадстаўнiкоў прадстаўляе на гэтых слуханьнях бок абвінавачваньня, абараняюць прэзыдэнта асабістыя адвакаты, а сэнатары выконваюць ролю суду прысяжных.

У Сэнаце 100 чальцоў, для таго, каб рашэньне аб імпічмэнце было прынятае, за яго павінныя прагаласаваць 67 сэнатараў. Калі яны прымаюць такое рашэньне, кіраўнік дзяржавы пакідае сваю пасаду, а яго месца займае віцэ-прэзыдэнт ЗША.

Зараз у Сэнаце 53 рэспубліканцы, 45 дэмакратаў і два незалежныя сэнатары, якія звычайна галасуюць як дэмакраты.

Колькі заканадаўцаў падтрымліваюць імпічмэнт прэзыдэнта Трампа?

Цяпер у Палаце прадстаўнікоў 235 дэмакратаў, 199 рэспубліканцаў і адзін незалежны — усяго 435 парлямэнтароў. У выніку дэмакраты могуць вынесьці Трампу імпічмэнт без падтрымкі рэспубліканцаў.

Але ня ўсе дэмакраты-заканадаўцы падтрымліваюць імпічмэнт, колькасьць яго прыхільнікаў павялічваецца, але пакуль яны ня маюць большасьці. Па дадзеных New York Times імпічмэнт Трампа падтрымліваюць 179 заканадаўцаў (41%), 73 кангрэсоўцы (17%) выступілі супраць, а 183 чальцы Палаты пакуль не заяўлялі пра сваю пазыцыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG