Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура пачала расьсьледаваньне адносна асабістага адваката Трампа — The New York Times


Рудальф Джуліяні

У ЗША пракуратура пачала расьсьледаваньне ў дачыненьні да Рудальфа Джуліяні, асабістага адваката прэзыдэнта Дональда Трампа. Пра гэта са спасылкай на крыніцы піша The New York Times.

Паводле зьвестак газэты, Джуліяні падазраюць у парушэньні законаў лабізму. Расьсьледаваньне зьвязана са справай супраць памагатых адваката Трампа — бізнэсмэнаў савецкага паходжаньня Льва Парнаса і Ігара Фрумана, арыштаваных у ЗША на гэтым тыдні паводле абвінавачваньня ў фальсыфікацыі выбарчых кампаніяў.

Фэдэральныя пракуроры таксама правяраюць датычнасьць Джуліяні да адстаўкі амбасадара ЗША ва Ўкраіне Мэры Яванавіч. Яны лічаць, што адвакат Трампа спрабаваў падарваць яе ўплыў.

Сам Джуліяні адмаўляе датычнасьць да адстаўкі Яванавіч, але прызнае, што ён разам са сваімі памочнікамі і ўкраінскімі пракурорамі зьбіраў інфармацыю пра яе, а таксама пра былога віцэ-прэзыдэнта ЗША Джозэфа Байдэна і яго сына Гантэра.

Перасьлед ва Ўкраіне Байдэна і яго сына стаў пачаткам працэдуры імпічмэнту Трампа. Як паведамляе Associated Press, Яванавіч была адпраўленая ў адстаўку менавіта таму, што яна ня выканала просьбу Джуліяна і не націснула на ўкраінскія ўлады, каб яны аднавілі расьсьледаваньне што да Байдэна. Замест гэтага амбасадар нібыта настойвала на выкананьні дыпляматычнага пратаколу і перадачы ўсіх просьбаў афіцыйнымі каналамі.

Сама Яванавіч выступіла на закрытых слуханьнях у Кангрэсе аб магчымым імпічмэнце Трампа напярэдадні. Як паведамляе Washington Post, былая амбасадарка заявіла, што яе адстаўка была зьвязана зь ціскам Трампа, якому паскардзіўся Джуліяні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG