Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўжо немагчыма «ня лезьці ў палітыку»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Яшчэ нядаўна жанр «пакаяльных відэа, зьнятых сілавікамі», асацыяваўся найперш з Чачнёй і рэжымам Кадырава. Цяпер гэта беларуская рэальнасьць, і трапіць на такое відэа можна ня толькі за відавочна пратэставую палітычную актыўнасьць, але за любую праяву незадаволенасьці любой зьявай, зьвязанай зь дзяржаўнай сыстэмай.

Нядаўна зьявіўся такі ролік з удзелам мужчыны, які раней зьняў на відэа ўмовы ў адной беларускай лякарні. Як можна здагадацца, камплімэнтарным ягонае відэа не было. Пасьля таго як яно зьявілася на папулярным тэлеграм-канале, мужчыну затрымалі і вымусілі нагаварыць на камэру, што ён ва ўсім падтрымлівае мэдыкаў і гатовы дапамагчы лякарні.

І гэта недвухсэнсоўнае пасланьне ўсім людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, што ім цяпер дазволена быць толькі шчасьлівымі і задаволенымі жыцьцём. Нягледзячы ні на што.

Доўгі час людзі знаходзілі спосаб заставацца быццам бы апалітычнымі — можна было проста абмінаць адкрыта палітычныя тэмы ў размовах і абмяркоўваць выключна побыт. Гэта называлася «ня лезьці ў палітыку». Галоўнае — не задумвацца, дзе першапрычына тых ці іншых быццам бы побытавых праблем. А цяпер мы ўсё выразьней бачым, як становіцца рэальнасьцю выраз «калі ты не цікавісься палітыкай, палітыка рана ці позна зацікавіцца табой». Вельмі яскрава гэта стала праяўляцца ў жніўні 2020 году, і з таго часу сытуацыя толькі абвастраецца.

Адназначна растуць стаўкі. Раней людзей чым палохалі? Праблемамі на працы. Пазбавяць прэміі, не дадуць падвышэньня ці — крый божа — увогуле звольняць. Каб захаваць працу і які-ніякі дабрабыт, людзі і «ня лезьлі ў палітыку». Але гэта так не працуе. Калі на назе пачынаецца гангрэна, нельга спадзявацца, што яна дойдзе да лыткі і ўсё на гэтым. І калі агрэсар дома б’е адно дзіця, нельга сур’ёзна думаць, што на гэтым ён спыніцца і што лепш яго не чапаць, каб не пачаў біць астатніх.

Тое самае і з палітыкай. Калі дыктатар пазбаўляе людзей магчымасьці рэальна абіраць кіраўніцтва дзяржавы і пратэставаць супраць ягонага самадурства, нельга чакаць, што, пазьбягаючы стандартнай пратэставай актыўнасьці, чалавек пазьбегне рэпрэсій. Спачатку крымінальным лічыцца сам пратэст, і паступова пашыраецца разуменьне, што можа лічыцца пратэставай дзейнасьцю і якія пакараньні за яе могуць быць.

Суды за пасты ў сацсетках і падабайкі пад імі — гэта ж ня нешта прынцыпова новае. Такое здаралася і раней, але не было настолькі сыстэмнай зьявай. А пакуль не было сыстэмнасьці, захоўвалася ілюзія, што можна «ня лезьці ў палітыку» і жыць спакойна. Цяпер, калі такія суды сталі звычайнай справай, гэтая ілюзія мусіць канчаткова зьнікнуць.

І «пакаяльнае» відэа, дзе мужчына кажа, што гатовы дапамагчы лякарні, — гэта чарговы доказ таго, што для ілюзій больш не засталося прасторы. Любая публічная крытыка дзяржаўнай сыстэмы пад забаронай, і далей рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца.

Каб пазбавіцца і дыктатуры, і гангрэны, даводзіцца шмат чым ахвяраваць. Але зжыцца зь імі немагчыма. Калі гуляць паводле іх правілаў, яны нас проста заб’юць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG