Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палацавы пераварот у Казахстане і пагроза новай вайны. Дыскусія аналітыкаў


Што адбылося ў Казахстане — народнае паўстаньне ці спроба палацавага перавароту? Чаму войскі АДКБ вывелі з Казахстану так хутка? Чаму Расея прад'явіла Захаду ўльтыматум наконт непашырэньня NATO менавіта цяпер? Чым адкажа Расея на адмову Захаду выканаць гэты ўльтыматум? Ці можа цяперашняе дужаньне паміж Расеяй і Захадам перарасьці ў вялікую вайну?

Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі і выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.

Марозаў

  • У Казахстане Такаеў на працягу году праводзіў адстаўкі — звольнілі міністра абароны, з пасады старшыні Сэнату была зьнятая Дарыга Назарбаева. І насьпела змова супраць альянсу Такаева і Назарбаева, якія ажыцьцяўлялі транзыт улады. Назарбаеў цалкам падтрымліваў Такаева і працягвае падтрымліваць.
  • Была зробленая памылка рэфарматарскім урадам, які рэзка ўзьняў цану на газ.
Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў
  • Такаеў утрымаў сытуацыю пад кантролем найперш за кошт падтрымкі з боку сілаў АДКБ. І ён працягвае сваю лінію, ён захоўвае шанцы заставацца прэзыдэнтам-мадэрнізатарам. Гэтым сытуацыя будзе адрозьнівацца ад беларускай, у Казахстане ўжо пачалі вызваляць некаторых затрыманых.
  • Такі няўдалы транзыт адабʼецца на яго ўспрыняцьці Крамлём, дый усёй Эўразіяй.
  • Ніякай крэатыўнай клясы на мітынгах у Казахстане не было. Па сутнасьці, не было палітычных патрабаваньняў. Ніякага вонкавага ўплыву там не было, як не было і ісламскага фактару.
  • Важна адрозьніваць «сямʼю» і самога Назарбаева. З пэўнага моманту ўзьнік канфлікт паміж ім і часткай «сямʼі».
  • На сустрэчы кіраўнікоў СНД у Расеі ў сьнежні летась Назарбаеў паразмаўляў з Пуціным і сказаў, што ён падтрымлівае Такаева.
  • Але частка «сямʼі» вырашыла дзейнічаць явачным парадкам. Калі ішлі захопы адміністрацыйных будынкаў — прадстаўніцтва КНБ, аэрапорту — гэта рабілі ніякія не паўстанцы і не ісламская радыкальная моладзь, гэта рабілі сілавікі ў балаклавах.
  • Такаеў ня можа адмовіцца ад спадчыны Назарбаева. Уся канцэпцыя разьвіцьця Казахстану тады разваліцца.
  • Перайменаваньне гарадоў і ўнівэрсытэтаў ня будзе азначаць поўнай адмовы ад спадчыны елбасы.
  • Ён будзе заставацца «бацькам нацыі» і тады, калі пойдзе з жыцьця.

Сівіцкі

  • Карані крызісу былі закладзеныя на саміце СНД у Санкт-Пецярбургу, які наведалі і Назарбаеў, і Такаеў. Даўно хадзілі чуткі, што «сямʼя» была незадаволеная самастойнасьцю Такаева.
  • «Сямʼя» плянавала датэрміновыя выбары з адхіленьнем Такаева і абраньнем пляменьніка Назарбаева Самата Абіша, першага намесьніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі. Менавіта сёньня яго нарэшце звольнілі з пасады.
Арсень Сівіцкі
Арсень Сівіцкі
  • Магло нешта здарыцца з Назарбаевым, апошні раз на людзях яго бачылі ў Санкт-Пецярбургу. У выніку кожны з бакоў пачаў рыхтаваць свой палацавы пераварот. Падвышэньне цэнаў на газ стала фармальнай нагодай, каб арганізаваць крызіс, каб прымусіць Такаева сысьці з пасады.
  • Потым кантроль за працэсам перахапіла іншая «вежа» — «клан Такаева». АДКБ, паслаўшы войскі, паслала выразны сыгнал казахстанскім элітам, што Масква на баку Такаева. Такаеў — менш пракітайскі, чым Назарбаеў.
  • Галоўнай мэтай увядзеньня кантынгенту АДКБ было стабілізаваць унутрыэлітную сытуацыю, прадэманстраваць, што Масква ў канфлікце кланаў займае бок Такаева.
  • Як толькі стала зразумела, што Такаеў павярнуў сытуацыю на сваю карысьць, Расея вырашыла вывесьці войскі. Гэтая апэрацыя не карысталася папулярнасьцю ў грамадзкай думцы ні ў Расеі, ні ў Казахстане.
  • Казахстанскім элітам быў пасланы сыгнал, што Расея можа і вярнуцца, калі міжэлітныя напружаньні зноў абвострацца. Я думаю, што арганізаваныя ўзброеныя групы, як называюць іх некаторыя — «прыватная вайсковая кампанія сямʼі», — яны проста залеглі на дно. Таму я не выключаю, што гэта не канец крызісу.

Марозаў

  • Крэмль у дужаньні з Захадам ня прыме сцэнар рутынізацыі перамоваў. Некаторыя расейскія экспэрты і вэтэраны дыпляматычнай службы меркавалі, што ўльтыматум Пуціна — гэта пазыцыя запыту. У адпаведнасьці з такім поглядам Пуцін пагадзіўся б на канкрэтныя перамоўныя трэкі па канкрэтных тэмах бясьпекі.
  • Цяпер ужо зразумела, што гэты варыянт не прыняты. Крэмль будзе далей абрынаць сытуацыю. Ёсьць 5 сцэнараў, адзін горшы за іншы. Адказы на кожны павінны быць розныя, адзін — на ракетны ўдар па ўкраінскай вайсковай інфраструктуры, іншы — на разгортваньне ракетаў на Кубе.
  • Ніколі не было такой кансалідаванай пазыцыі Захаду адносна прапановаў Крамля, як гэтым разам. Калі перамовы і будуць працягвацца, кантакты вельмі слабыя.
  • Я ня думаю, што Крэмль будзе дзейнічаць ваеннымі спосабамі. Але ў яго застаецца шмат магчымасьцяў трымаць партнэраў у напружаньні, як кажа Пуцін.

Сівіцкі

  • Усе сілавыя сцэнары ўяўляюцца мне неймавернымі. Калі б Крэмль хацеў далучыць ДНР, ён бы зрабіў гэта даўно. Калі Крэмль у 2016 годзе прапаноўваў Гаване і Каракасу разьмясьціць у іх свае ракетныя комплексы, ён атрымаў адмову. Няма падставаў ім пераглядаць гэтае рашэньне. Напад на Ўкраіну — гэта будзе апакаліптычны сцэнар.
  • Крэмль паспрабуе падняць стаўкі і стварыць неабходны фон для ціску на кіраўніцтва Ўкраіны і толькі потым — на кіраўніцтва заходніх дзяржаваў, каб Кіеў прыняў «формулу Штайнмаера». І ЗША робяць цяпер ціск на Зяленскага, каб той пачаў дзейнічаць у рэчышчы гэтай формулы.
  • Узьнікае ідэя трохбаковага саміту Пуцін — Зяленскі — Байдэн. Падвышэньне тону расейскай рыторыкі мае на мэце дамагчыся новага саміту. Летась былі дзьве пасьпяховыя апэрацыі Крамля, калі Расея эскаляцыяй напружанасьці дамаглася дзьвюх сустрэчаў Пуціна з Байдэнам.
  • Расея спрабуе ўвапхнуць Данбас ва Ўкраіну на сваіх умовах. Сёньня ЗША зацікаўленыя ў стабілізацыі ваенна-палітычнай сытуацыі ў Эўропе. Ім трэба стрымліваць Кітай. І каб перакідаць свае войскі бліжэй да Кітаю, ім трэба, каб у Эўропе было спакойна.

Што было раней

  • Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што цярплівасьць Масквы адносна адказу Захаду на агучаныя раней Крамлём патрабаваньні «гарантый бясьпекі» скончылася і што Расея пачакае пісьмовага адказу на свае патрабаваньні яшчэ на працягу тыдня.
  • Пра гэта Лаўроў заявіў 14 студзеня на сваёй штогадовай зьнешнепалітычнай прэс-канфэрэнцыі, пасьля таго як дыпляматычныя перамовы з NATO і ЗША не змаглі дасягнуць прагрэсу з прычыны нарошчваньня расейскіх войскаў на мяжы з Украінай.
  • «Нашай цярплівасьці настаў канец. Мы вельмі цярплівыя, ведаеце, што мы доўга запрагаем. Запрагалі мы вельмі доўга, вось зараз час нам ехаць. Вось чакаем, калі фурман на тым возе нам адкажа канкрэтна на нашы прапановы», — сказаў Лаўроў.
  • Лаўроў заявіў, што Крэмль ня будзе чакаць «бясконца», пакуль Захад адкажа на патрабаваньні Масквы не пашырацца на ўсход і не разгортваць войскі ва Ўкраіне і іншых краінах былога СССР.
  • Міністар замежных спраў Расеі таксама абвінаваціў Захад у эскаляцыі напружанасьці, «парушэньні абавязаньняў і здаровага сэнсу».
  • Камэнтары Лаўрова прагучалі на наступны дзень пасьля таго, як Белы дом заявіў, што пагроза расейскага ўварваньня ва Ўкраіну застаецца высокай, паколькі было разгорнута блізка 100 000 расейскіх вайскоўцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG