Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца Байдэна: ЗША абвесьцяць пра новыя дыпляматычныя крокі на гэтым тыдні


Джэйк Саліван
Джэйк Саліван

У пачатку тыдня Злучаныя Штаты раскажуць пра свае наступныя дыпляматычныя крокі, зьвязаныя з абмеркаваньнем расейскіх пагроз Украіне і так званых гарантый бясьпекі, якіх патрабуе Расея.

Пра гэта заявіў у дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван.

У інтэрвію тэлеканалу CBS ён падкрэсьліў, што ЗША вядуць абмеркаваньні з «саюзьнікамі і партнэрамі», уключаючы Ўкраіну, і крокі, якія маюць адбыцца, будуць скаардынаванымі.

Пасьля перамоваў паміж прадстаўнікамі ЗША і Расеі ў Жэнэве і пасяджэньня Рады Расея — NATO ў Брусэлі на мінулым тыдні расейскія прадстаўнікі заявілі, што чакаюць ад краін Захаду пісьмовага адказу на свае выстаўленыя ў сьнежні патрабаваньні. У іх лік уваходзіць адмова ад прыняцьця новых краін у NATO, адмова ад вайсковага супрацоўніцтва з Украінай, вывад войскаў NATO з краін, якія ўступілі ў саюз пасьля 1997 год, і гэтак далей. Хаця большая частка гэтых патрабаваньняў была адкінутая ў ходзе перамоваў, Расея настойвае на пісьмовым адказе. Саліван не сказаў, ці будзе дадзены такі адказ, і не растлумачыў, якімі будуць наступныя крокі.

Паводле дарадцы прэзыдэнта, Вашынгтон гатовы як працягваць перамовы з Расеяй, так і «рашуча адказаць» у выпадку, калі Расея распачне агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны. На Захадзе асьцерагаюцца шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ў гэтую краіну, каля межаў якой сабрана вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў.

Факт гэтага збору ня стаў адмаўляць у інтэрвію CNN і прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў. Ён адзначыў пры гэтым, што Расея не рыхтуе ваеннага канфлікту і абвінаваціў у эскаляцыі напружанасьці краіны NATO. На мінулым тыдні расейскія прадстаўнікі заяўлялі, што Масква дасьць «ваенны» ці «ваенна-тэхнічны» адказ у тым выпадку, калі яе патрабаваньні будуць адпрэчаныя. ЗША і іх саюзьнікі заяўлялі, што ў выпадку ўварваньня ва Ўкраіну накладуць на Расею беспрэцэдэнтныя (ва ўсякім разе ў гісторыі амэрыкана-расейскіх адносін) эканамічныя санкцыі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пакуль не выказваўся аб ходзе перамоваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG