Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікаў пратэсту ў бабруйскай калёніі пасьля выбараў-2020 асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне» і адправілі на «крытыя зоны»


Ілюстрацыйнае фота. Бабруйская турма
Ілюстрацыйнае фота. Бабруйская турма

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году ў бабруйскай калёніі патрабавалі сыходу Лукашэнкі. Падрабязнасьцяў тады не было, і здавалася, што бунт прайшоў без наступстваў. Цяпер блог «Отражение» даведаўся, як праходзіў пратэст у бабруйскай калёніі і як пакаралі яго ўдзельнікаў.

«Гэта не турэмны бунт. Гэта грамадзкі пратэст, акт мірнага грамадзянскага непадпарадкаваньня», — з такіх радкоў пачынаўся маніфэст, які распаўсюджвалі вязьні бабруйскай калёніі пасьля выбараў 2020 году. У ноч на 13 жніўня на адным зь лякальных участкаў калёніі адбыўся мітынг — больш за 500 зьняволеных выйшлі ва ўнутраны двор выказаць свой пратэст.

Паводле аднаго з былых вязьняў бабруйскай калёніі № 2 Ігара (імя зьменена па просьбе героя — рэд.), «яго падтрымалі і іншыя лякальныя ўчасткі — усяго больш за тысячу чалавек па зоне дакладна выйшла». Мітынг працягваўся ўсю ноч — людзі стаялі, выкрыквалі лёзунгі, а калі пабачылі, што раніцай рэакцыі на іх дзеяньні не было, на другі і трэці дзень на іншых лякальных участках калёніі выходзіла ўсё больш і больш людзей, кажа вязень. Паводле яго, хваляваньні ў калёніі доўжыліся з 13 па 16 жніўня.

Паводле Ігара, адміністрацыя калёніі палічыла лідэрам бунту вязьня Ўладзіслава Вакульчыка, якому належала ідэя маніфэсту, хаця ні ён, ні іншыя зьняволеныя, не ўзначальвалі пратэст. Вакульчыка разам зь яшчэ некалькімі зьняволенымі ўжо 14 жніўня ізалявалі іх ад астатніх. Праўда, узгадвае Ігар, гэта не дапамагло, і «лякальныя ўчасткі па чарзе выбухалі ў гэтай эўфарыі».

Начальнік калёніі Бубіч спрабаваў урэгуляваць канфлікт, але рэпрэсіі супраць вязьняў усё ж пачалі, відаць, паводле рашэньня вышэйстаячых органаў. Паводле яшчэ аднаго былога вязьня бабруйскай калёніі Андрэя (імя зьмененае — рэд.), унутры калёніі пачаўся ціск: адміністрацыя зьбірала паказаньні і подпісы, масава выклікала на допыты асуджаных. На падставе гэтых папер, са словаў былых зьняволеных, шматлікіх удзельнікаў хваляваньняў пасьля асудзілі па артыкулах 410 КК (Дзеяньні, якія дэзарганізуюць працу папраўчай установы) і 411 КК (Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) і дадалі па некалькі гадоў калёніі.

Яшчэ адзін былы зьняволены Іван (імя зьмененае — рэд.) праз паўтара года пасьля падзей даведаўся ад сваіх знаёмых, што практычна ўсе, з кім малады чалавек меў зносіны ў Бабруйску, атрымалі 411-ы артыкул, плюс год-два да тэрміну і «зьехалі на крытыя зоны» (так званы закрыты рэжым для зьняволенага, пры якім ён знаходзіцца не ў калёніі, а ў турме ці памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).

Якраз у такім большую частку часу за мінулыя паўтара года знаходзіўся Уладзіслаў Вакульчык, расказвае яго жонка. Цяпер ён у калёніі строгага рэжыму ў Горках — і амаль увесь час яго пераводзяць са штрафнога ізалятару у ПКТ і наадварот. «Яму толькі адзін раз далі патэлефанаваць, летась у сакавіку. Адзін раз нам атрымалася перадаць перадачу: мы ўлавілі момант, калі тэрмін знаходжаньня ў ПКТ скончыўся і яго перамяшчалі на нейкі час у атрад. Яму дазваляюць па мінімуму марнаваць грошы, закупляючыся ў „атаварцы“, на месяц дазваляюць 25 ці 50 рублёў, вельмі мала. Увогуле, ціснуць», — кажа жонка зьняволенага.

Суд па 411 артыкуле над Уладзіславам адбыўся ў канцы траўня 2021 год. Тады Вользе сказалі, што яму дадалі яшчэ паўтара года, і на сёньняшні момант яе мужу засталося пяць гадоў і тры месяцы калёніі.

Падобная гісторыя адбылася і зь іншымі зьняволенымі, якіх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў хваляваньнях 13-16 жніўня. Дакладна вядома пра траіх чалавек, зь якімі быў знаёмы Ігар, — аднаму дадалі два гады і перавялі на «закрыты» рэжым, яшчэ дваім «накінулі» па тры гады калёніі. Пра астатніх інфармацыя ўскосная: Вользе перадавалі, што амаль усіх, хто ўдзельнічаў, «растасавалі» (перавялі ў розныя турмы), дадалі тэрміны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG