Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выйгравала, а яе прызамі не ўзнагароджвалі». Лыжніца Далідовіч і яе бацька і трэнэр — пра адхіленьне ад турніраў


Сяргей Далідовіч з дачкою
Сяргей Далідовіч з дачкою

Лыжніцы Сьвятлана Андрыюк і Дар’я Далідовіч расказалі, што ўлады адхілілі іх ад удзелу ў спаборніцтвах і нацыянальных зборах, абвінаваціўшы ў падтрымцы апазыцыі.

Распараджэньне аб адхіленьні зрабіў у лістападзе 2021 году кіраўнік Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак Аляксандар Дараховіч. Сьледам за гэтым Беларускі лыжны саюз адклікаў ліцэнзіі (коды) спартовак, неабходныя для ўдзелу ў спаборніцтвах, якія праводзіць Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту (FIS).

У Беларускай фэдэрацыі лыжных гонак сытуацыю пакуль не камэнтавалі, а ў FIS пацьвердзілі, што цяпер індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя коды Андрыюк і Далідовіч значацца ў іхных базах як «неактыўныя».

Прычынай адхіленьня Дарʼі Далідовіч, пэўна, сталі палітычныя погляды яе бацькі і трэнэра Сяргея Далідовіча — вядомага лыжніка, які сем разоў удзельнічаў у Алімпійскіх гульнях. Ён браў удзел у пратэстах супраць Аляксандра Лукашэнкі і звольніўся з Нацыянальнага трэнерскага цэнтру пасьля таго, як на яго ўчынілі ціск у сувязі з падтрымкай апазыцыі. Сама спартоўка сьцьвярджае, што не зрабіла нічога, што магло б каштаваць ёй дыскваліфікацыі.

У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» Сяргей і Дарʼя Далідовічы расказалі, што спартоўку проста «пазбавілі права займацца спортам». Таму, напэўна, пасьля таго, як Дарʼя скончыць сёлета школу, яна пакіне Беларусь і будзе выступаць за іншую краіну. Раней такі ж намер эміграваць выказала і Сьвятлана Андрыюк. «Я не хацеў бы, вядома, нікуды ехаць, але магчыма, што давядзецца», — растлумачыў Сяргей Далідовіч.

— Дарʼя, якія прэтэнзіі ўзьніклі да вас і да вашай калегі ад спартовых чыноўнікаў? Як гэта адбывалася? Вам патэлефанавалі ці вас некуды выклікалі?

Дарʼя Далідовіч: Мяне ніхто не выклікаў, мне ніхто нічога не казаў. Мяне трымалі ў няведаньні. У прынцыпе, увогуле нічога не было сказана.

Сяргей Далідовіч: Пра Дарʼю мы даведаліся толькі ў канцы сьнежня, калі вярнуліся дадому. 29 сьнежня мы даведаліся пра адхіленьне, што FIS-код дэактываваны. Прэтэнзій ніякіх не было. Кола выпадковасьцяў проста пачало закручвацца і ўрэшце прывяло да адхіленьня ад спаборніцтваў.

Спачатку іх выкрасьлілі з выязных збораў — гэта было ў лістападзе, калі выехала ўся моладзевая і юніёрская каманда. Сьвятлану (Андрыюк) тады здымалі з рэйсу. А потым, калі наша моладзевая каманда выяжджала ў Фінляндыю 23 лістапада, абедзьвюх лыжніц не ўключылі ў сьпісы, выкрасьлілі.

Мы тады вырашылі працягваць далей езьдзіць за свае сродкі, бо спаборнічаць жа трэба было. Прынялі рашэньне застацца ў Расеі і далей спаборнічаць, праехаць па ўсіх заплянаваных мерапрыемствах, якія былі ў нашым каляндарным пляне на працягу году. У кожнага спартоўца індывідуальна ёсьць такі плян. Але Беларуская фэдэрацыя нас не заяўляла. Мы ў FIS дасылалі ліст яшчэ ў лістападзе, адказу ня было. Датэлефанаваліся потым да іх у ручным рэжыме. Яны сказалі, што будуць разглядаць нашу заяву, бо першы ліст, як яны сказалі, вырашылі пакінуць на разгляд фэдэрацыі.

Пасьля гэта неяк заціхла. Фэдэрацыя нас не заяўляла на спаборніцтвы, мы самі заяўляліся. І ў канцы году яны зрабілі нам такі «падарунак» — дэактывавалі FIS-код і Дарʼю на год адхілілі ад турніраў на надуманай падставе.

— З чым асабіста вы зьвязваеце адхіленьне Дарʼі ад спаборніцтваў?

Сяргей Далідовіч: У нас сёлета памянялася кіраўніцтва фэдэрацыі [лыжнага спорту], прыйшоў чалавек, які займае пасаду ў кіраўніцтве Менску — ён намесьнік старшыні гарвыканкаму. Фэдэрацыя адразу стала на такі сьлізкі шлях, калі дзяржава ўмешваецца ў справы спорту.

— Адхіленьне можа быць зьвязана з вашай палітычнай пазыцыяй?

Сяргей Далідовіч: Так, натуральна. Летась было ўказаньне наконт тых, хто не падтрымаў дзейнага кіраўніка нашай дзяржавы. Але я да гэтага спакойна ставіўся, таму што я разумеў, што калі ты ідзеш супраць, то ты павінен разумець, што будуць крокі ў адказ. Сёлета вясной я зразумеў, што ўжо годзе, я проста пакінуў працу. А Дарʼя тады [працягвала трэнавацца] у камандзе. І, хоць я шэсьць месяцаў ні ў якія палітычныя [спрэчкі] ня ўлазіў, усё роўна нас гэта закранула.

— Атрымліваецца, што гэта помста сыстэмы вам праз дачку?

Сяргей Далідовіч: Канкрэтна я лічу, што так. Не сыстэма, а пара чалавек, якія лічаць сябе сыстэмай, маюць права вырашаць будучыню маёй дачкі: можа яна займацца спортам ці не. Канкрэтна два-тры чалавекі так вырашаюць. Лічаць, што яны вяршыцелі лёсу і гэта нармальна.

— Дарʼя, вы адчувалі нейкую асаблівую ўвагу да вас апошнія тыдні, месяцы з боку кіраўніцтва фэдэрацыі, іншых чыноўнікаў у сувязі з пазыцыяй бацькі? Ці ўсё было, як звычайна?

Дарʼя Далідовіч: Увагу на мяне асабліва не зьвярталі, рабілі выгляд, што мяне наагу няма, напэўна. Потым проста адхілілі.

Сяргей Далідовіч: У нас быў такі інцыдэнт. У нас было адно [спаборніцтва], якое праводзілася паралельна з чэмпіянатам краіны — Дарʼя ў ім удзельнічала, яна два разы выйграла чэмпіянат краіны сярод юніёраў. Але паралельна яшчэ праводзяцца такія невялікія спаборніцтвы — першынство горада. Там было тры этапы, шэсьць гонак. Шэсьць гонак Дарʼя выйграла. І ўжо на першым этапе былі праблемы з узнагароджаньнем — ёй не хацелі ўручаць прызы. Дзіця было трошкі ў шоку, сьлёзы: як гэта так — я ж выйграла! Я тады пераканаў, што чалавек жыве ў Менску, бегае, выступае за Менск. Як не ўзнагароджваць? Узнагародзілі.

На трэцім этапе, калі яна зноў выйграла дзьве гонкі, зрабілі так: усіх узнагароджвалі прызамі за першае месца, а яе ўзнагароджвалі два разы за трэцяе месца. Гэта ўсё было адкрыта, відавочна. Дарʼя падышла і кажа:

«Чаму мяне ўзнагароджваюць за трэцяе месца, а не за першае?» Ад яе адмахнуліся, сказалі: «Усе пытаньні да арганізатараў». А ўзнагароджваў старшыня фэдэрацыі.

Ну і ўсё, яна прызы працягнула назад людзям, якія яе ўзнагароджвалі. Яны адвярнуліся, яна ім паставіла ў ногі прызы, і мы зьехалі. І праз два з паловай месяцы яе абвінавацілі ў неспартовых паводзінах за гэты выпадак і адхілілі на год ад спаборніцтваў. Вось такія былі маленькія крокі, якія паказвалі на тое, што Дарʼі Сяргееўне ня будзе жыцьця нармальнага. Яна выйгравала — яе нават прызамі не ўзнагароджвалі, там выбарачна вырашалі: узнагародзіць ці не ўзнагародзіць. Наколькі людзі лічаць сябе вяршыцелямі лёсу іншых?

— Дарʼя, які цяпер ваш псыхалягічны і фізычны стан? Ці ёсьць магчымасьць у вас працягваць трэніроўкі, хаця б для сябе? Як вы гэта перажываеце?

Дарʼя Далідовіч: Стрэс ёсьць. Што рабіць далей, думаю яшчэ. Пакуль што трэнуемся. Вось адпачывала паўтара тыдня, зараз ужо пачалі трэнавацца. Адчуваю сябе ня надта добра, усё роўна вельмі непрыемна, крыўдна, што так зрабілі несправядліва.

— Сяргей, як вы бачыце сваю далейшую трэнэрскую працу? І вы, Дарʼя, як вы бачыце сваю спартовую [карʼеру]? І дзе вы яе бачыце?

Сяргей Далідовіч: Мы цяпер знаходзімся на раздарожжы. У тым годзе я ўжо ў прынцыпе разумеў, што дзяржава будзе рабіць супраць цябе ўсё, калі ты адкрыта яе не падтрымліваеш, яны не імкнуліся прадоўжыць са мной кантракт. Ды я і сам разумеў, што ня трэба працаваць там, дзе табе могуць ставіць палкі ў колы.

Цяпер я ўвогуле ня бачу [будучыні] ў Беларусі. Дарʼя, — яны пазбавілі яе права займацца [спортам]. Неўзбавае яна скончыць школу — адзінаццаць клясаў яна сёлета заканчвае. І ў прынцыпе, мы ўжо цяпер пачалі шукаць варыянт. Я не магу сказаць, як далей будуць разьвівацца падзеі, таму што яшчэ шэсьць месяцаў [нам трэба] знаходзіцца ў Беларусі дакладна, пакуль Дарʼя ня здасьць іспыты. Але, мусіць, сёньня ўжо больш за 50%, што мы будзем спрабаваць кудысьці потым выяжджаць.

— Дарʼя, з большай імавернасьцю ваша далейшая карʼера будзе складацца ўжо ў іншай краіне, не ў Беларусі?

Дарʼя Далідовіч: Так.

Сяргей Далідовіч: Я лічу няправільным, калі росчыркам пяра [адмаўляюцца ад] такіх пэрспэктыўных людзей. Лыжнага спорту ў нас ужо ў прынцыпе ня існуе як такога. Каб вы разумелі, [што значыць] раскідвацца таленавітай моладзьдзю: у нас цяпер на першынстве краіны бегла толькі пяць юніёрак, пяць жанчын. І ёсьць усяго 10 чалавек такога ўзросту, гэта зусім мала. І раскідвацца імі, я лічу, [недапушчальна].

Ні я, ні Дарʼя, мы ж ня зьедзем адны: краіна страціць чатырох чалавек на роўным месцы, хаця гэтага канфлікту можна было пазьбегнуць. Настрой ня вельмі добры, увогуле няма настрою. Але мы трэнуемся з Дарʼяй, у нас траса пад бокам — тут недалёка. Мы насоў ня вешаем. Як атрымліваецца. Я не хацеў бы, вядома, нікуды ехаць, але магчыма, што [давядзецца].

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG