Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы пачаў працэдуру скасаваньня дамовы зь «Беларуськаліем» з 1 лютага


ААТ «Беларуськалій», архіўнае фота

У сераду 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэньне спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем», якое стала прычынай скандалу, было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы.

Пра гэта пасьля сустрэчы паведаміў міністар транспарту і камунікацый Марыюс Скуодзіс, якога цытуе Delfi.lt.

«Ацаніўшы ўсе абставіны, пастанавіла, што пагадненьне не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі і з 1 лютага больш ня дзейнічае», — сказаў Марыюс Скуодзіс на прэс-канфэрэнцыі.

Міністар сказаў, што да 1 лютага перавозкі ўгнаеньняў чыгуначным транспартам павінны спыніцца, бо для гэтага ўжо няма прававой базы.

«Ці могуць быць іншыя перавозчыкі, якія будуць перавозіць ці нешта рабіць? Я лічу, што вельмі важным аспэктам зьяўляецца тое, што любы перавозчык, які жадае перавозіць угнаеньні, будзе правяраць, колькі розных зьдзелак юрыдычных асоб адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы».

Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.

9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, уключаючы ААТ «Беларуськалій», якія набылі моц 8 сьнежня. Аднак літоўская дзяржаўная кампанія Lietuvos geležinkeliai ( LG, «Літоўскія чыгункі») заяўляла 8 сьнежня, што грузы «Беларуськалію» будуць праходзіць празь Літву да студзеня. Гэта азначае, што, як і раней, праз тэрыторыю Літвы будуць праходзіць па шэсьць-дзевяць саставаў за суткі. Паводле дамовы з LG, беларускі бок ужо загадзя разьлічыўся за правоз гэтых грузаў.

У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.

Старшыня праўленьня «Літоўскіх чыгунак» Мантас Бартушка пакінуў пасаду. Міністар транспарту Літвы Марус Скуодзіс і міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбэргіс таксама заявілі, што гатовыя пайсьці ў адстаўку, але ў выніку яны захавалі свае месцы.

Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Сумы пазоваў, па словах Саўчанкі, могуць дасягаць «мільярдаў эўра». Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой, і тады «Літоўская чыгунка застанецца бяз працы». Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, прыгразіў Літве, што перакрые транзыт тавараў з Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG