Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Могуць упасьці заробкі супрацоўнікаў». Што страціць «Беларуськалій» праз сыход нарвэскай Yarа з партнэраў


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю каля офіса Yara International. Жнівень 2020

Хто асноўныя пакупнікі «Беларуськалію» і наколькі важным кліентам была нарвэская кампанія Yara? Разьбіраемся.

Кіраўніцтва нарвэскай кампаніі Yara заявіла, што міжнародныя санкцыі зрабілі немагчымым працяг гандлю зь «Беларуськаліем». З 1 красавіка кампанія спыняе супрацоўніцтва. Глядзім, наколькі гэта важна для Беларусі.

Хто асноўныя пакупнікі прадукцыі «Беларуськалію»

За 2020 год (сьвяжэйшую статыстыку ўлады Беларусі закрылі) экспарт калійных угнаеньняў зь Беларусі склаў 2,4 мільярда даляраў. Асноўныя пакупнікі — Бразылія (520 мільёнаў даляраў), Кітай (319 мільёнаў даляраў), Індыя (289 мільёнаў даляраў), Інданэзія (139 мільёнаў даляраў), Малайзія (109 мільёнаў даляраў).

Нарвэгія ў 2020-м набыла ў Беларусі калійных угнаеньняў на 74 мільёны даляраў, у 2019 годзе — на 84 мільёны даляраў. Асноўны пакупнік у Нарвэгіі — гэта якраз кампанія Yarа.

Але пастаўкі для Yara могуць быць насамрэч большыя. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

«„Беларуськалій“ кажа, што прадае Yara 3% таго, што вырабляе, а Yara кажа, што набывае 10–15% таго, што яны вырабляюць. Дакладных дадзеных няма, але рознагалосьсі могуць быць з той прычыны, што частку сваёй прадукцыі „Беларуськалій“ прадае Yara праз пасярэднікаў», — кажа Леў Львоўскі.

Што цяпер зь «Беларуськаліем»

Продажам угнаеньняў, якія здабывае «Беларуськалій», займаецца «Беларуская калійная кампанія». Яе чысты прыбытак за 2020 год — 580 тысяч рублёў, у 2019 годзе было 625 тысяч.

Па кароткатэрміновых абавязаньнях Беларуская калійная кампанія вінная больш за 1 мільярд рублёў, за год доўг вырас амаль на 200 мільёнаў рублёў. Па доўгатэрміновых крэдытах кампанія вінная 16,9 мільёна рублёў. Сьвяжэйшай статыстыкі дзяржаўныя крыніцы ў Беларусі не публікуюць.

«Могуць упасьці заробкі ў супрацоўнікаў»

Улады маглі падрыхтавацца да таго, што Yara спыніць супрацоўніцтва. Пра гэта кажа Леў Львоўскі.

Эканаміст, супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі
Эканаміст, супрацоўнік Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Леў Львоўскі

«Было зразумела, што гэта адбудзецца цягам году. Мяркую, што чыноўнікі разумелі, да чаго ўсё ідзе, было шмат часу падрыхтавацца. Верагодна, распрацавалі мэханізмы кампэнсацыі стратаў. Сабекошт здабычы нізкі ў параўнаньні з коштам, „Беларуськалій“ не збанкрутуе, але частку прыбыткаў трэба будзе аддаваць контрагентам, якія будуць дапамагаць абыходзіць санкцыі. Да таго ж давядзецца прадаваць тавар са зьніжкай. Аб’ёмы, якія набывала Yara, будуць некуды прадаваць, проста гэта пацягне за сабою выдаткі», — кажа Леў Львоўскі.

А гэтыя выдаткі могуць легчы на плечы супрацоўнікаў «Беларуськалію» і жыхароў Салігорску.

«Гэта можа адбіцца на заробках супрацоўнікаў „Беларуськалію“, а таксама на заробках жыхароў Салігорску, бо эканоміка гораду цалкам залежыць ад „Беларуськалію“», — падсумоўвае Леў Львоўскі.

«Могуць прадаваць празь іншую фірму»

«Беларуськалій» можа прадаваць сваю прадукцыю Yara празь іншую юрыдычную асобу, мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук. Альбо паспрабуе знайсьці альтэрнатыву нарвэскай кампаніі.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Пакуль незразумела, ці цалкам усе стасункі Yara зь „Беларуськаліем“ будуць разарваныя. У сьвеце часта практыкуюць замену адной юрыдычнай асобы на іншую. Не выключаю, што зьявіцца нейкая структура, якая будзе выконваць функцыі даверанай юрыдычнай асобы паміж двума суб’ектамі. Так, ёсьць стандарты маралі ў нарвэскім бізнэсе, але гаворка ідзе пра вялікія аб’ёмы гандлю», — кажа Яраслаў Раманчук.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG