Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы баец САХР Гараўскі, які выкрыў факты пра «эскадрон сьмерці», заявіў, што на яго ў Беларусі завялі справу


Юры Гараўскі, былы баец САХР.
Юры Гараўскі, былы баец САХР.

Юры Гараўскі заявіў таксама, што КДБ Беларусі цісьне на ягоную сям’ю, а на самога яго завялі крымінальную справу.

Экс-баец САХР (Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня) Юры Гараўскі, які прызнаўся ў ліквідацыі палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ў 90-х, паведаміў Deutsche Welle, што беларускія спэцслужбы перасьледуюць як самога яго, так і чальцоў ягонай сям’і.

У сьнежні 2019 году на Deutsche Welle выйшаў фільм пра Юрыя Гараўскага, у якім ён прызнаўся, што ў канцы 1990-х гадоў удзельнічаў у выкраданьні і забойстве былога старшыні ЦВК Беларусі Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага.

Пасьля публікацыі відэа, расказаў Гараўскі, яго сваякоў некалькі разоў выклікалі ў КДБ — у Беларусі ў яго засталіся маці, брат, былая жонка і дачка. Празь некаторы час цікавасьць да іх зьнікла. У сьнежні 2021 году ціск на сямʼю Гараўскага аднавіўся: на працу да ягонага брата прыехалі супрацоўнікі АМАПа і адвезьлі ў будынак Генпракуратуры, дзе апытвалі каля пяці гадзін, сьцьвярджае Юры Гараўскі:

«Апытвалі ня проста старшыя лейтэнанты, а падпалкоўнікі і палкоўнікі КДБ. Не адзін ці два, а чалавек пяць, як мне расказаў брат. Пыталіся, з кім я меў зносіны, сябраваў, калі сваякі апошні раз са мной размаўлялі. Брат адказаў, што і да майго адʼезду мы мала размаўлялі. Перасякаліся альбо дома ў маці, альбо на дачы. Ён практычна нічога пра мяне ня ведаў».

6 студзеня 2022 году, кажа Юры Гараўскі, ён даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу. Па якім артыкуле, яму не паведамілі. Крыніцу гэтай інфармацыі Гараўскі не раскрывае:

«Калі разважаць лягічна, то справу супраць мяне маглі ўзбудзіць за падзеі 20-гадовай даўнасьці, але ўсе саўдзельнікі гэтых злачынстваў застаюцца на волі. Альбо мае словы маглі расцаніць як паклёп. Альбо наогул — як замах на нацыянальную бясьпеку краіны».

Паводле слоў Гараўскага, пасьля вымушанага візыту ў Генпракуратуру ўсе ягоныя родныя «зь нейкай прычыны сталі невыязнымі». У рамках якой крымінальнай справы — яму невядома.

Гараўскі кажа, што беларускія спэцслужбы зь ім самім наўпрост ня зьвязваліся. Сьцьвярджае, што ня ведае і не разумее, чаму менавіта цяпер яны зноў зацікавіліся ім, калі на працягу апошніх двух гадоў ніякай цікавасьці не выяўлялі.

«Пасьля выхаду фільму сьледзтва было адноўлена, але ўсё пусьцілі на самацёк, нібыта няма доказаў. Як няма доказаў, калі ёсьць дакладныя дадзеныя, якія я магу ўказаць, дзе былі забітыя і пахаваныя Ганчар, Красоўскі, Захаранка? Думаю, мяне хочуць выбавіць, каб я замоўк раз і назаўжды. Улада няхай яшчэ год пратрымаецца, максымум два, але народ яе зьнясе. А ў Лукашэнкі рукі ў крыві. Мне здаецца, гэта маральны ціск (на сваякоў). Выбіць з-пад ног устойлівасьць, каб былі падставы брата пасадзіць і сказаць мне: „Ён сядзіць празь цябе“».

Гараўскі рыхтуе заяву ў Генпракуратуру Беларусі

Гараўскі кажа, што вяртацца ў Беларусь не зьбіраецца. Цяпер ён плянуе напісаць заяву ў Генэральную пракуратуру Беларусі, у якой хоча прызнацца ў саўдзеле ў злачынствах, «каб пачаліся нармальныя вышуковыя мерапрыемствы»:

«Тым больш, усе асобы я агучыў і назваў непасрэднага заказчыка — грамадзяніна Лукашэнку. Гэта я таксама ўкажу ў заяве. Рыхтуем зь юрыстамі неабходныя дакумэнты. Накірую іх праз давераную асобу. Чаму раней не напісаў гэтую заяву? Не было нагоды. А цяпер, калі пачалі тузаць сваякоў... Гэта пераходзіць усе межы. Ёсьць я — я зьдзяйсьняў, я сьведка гэтых злачынстваў. Усе пытаньні да мяне».

Летам і восеньню 2021 году Юры Гараўскі даваў паказаньні швайцарскім уладам па справе аб зьнікненьні Ганчара, Красоўскага і Захаранкі, расказвае былы сілавік.

«Я быў дапытаны пракурорам аднаго з кантонаў. Першы раз мяне выклікалі ў ліпені і апытвалі з адвакатам і перакладчыкам парадку 9–10 гадзін. Другі раз — на пачатку верасьня — каля 8 гадзін. Ці будзе суд, пакуль ня ведаю».

Зь Беларусі Юры Гараўскі зьехаў у 2019 годзе, але за тым, што адбываецца ў краіне пачынаючы з 2020 году, назірае і імкнецца «максымальна адсочваць сытуацыю»:

«Так сурова і жорстка мы закон не парушалі, — кажа ён. — Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — парушэньне наогул усіх законаў, правілаў этыкету і маральных нормаў. Даю сто працэнтаў гарантыі, што яшчэ знойдуцца людзі, гатовыя даць паказаньні супраць улады. Проста яны баяцца».

У сьнежні 2019 году выйшаў фільм Deutsche Welle, у якім былы баец СОБРу Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 20 гадоў таму пад камандаваньнем заснавальніка СОБРу падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Гараўскі, які ўцёк зь Беларусі, казаў, што ўсіх траіх застрэліў асабіста Паўлічэнка.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG