Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы прэм'ер Казахстану: «Гэта была змова супраць Такаева»


Акежан Кажагельдзін, фота 2008 году

Чаму Такаеў зьвярнуўся па дапамогу да АДКБ, а ня выкарыстаў для падаўленьня пратэстаў унутраныя войскі і паліцыю? Акежан Кажагельдзін, прэмʼер Казахстану ў 1994-1997 гадах, лічыць, што гэта адбылося таму, што супраць прэзыдэнта Такаева існавала «змова», у тым ліку з боку сілавых структур.

«Вельмі важна своечасова адправіць гэтых «міратворцаў» дадому»


- Я, вядома, ня думаў, што Такаеў зьвернецца да калег у АДКБ, каб яму аказалі міратворчую дапамогу. Я нават лічу, што, магчыма, гэта празьмерны зварот па дапамогу. Можна было зьвярнуцца да свайго народу, у Алматы можна было зрабіць тое ж самае, што зрабілі ў Бішкеку грамадзяне падчас апошніх пратэстаў – стварыць дружыны і ўзяць ахову абʼектаў гандлю і побыту сваімі сіламі. Але што адбылося – тое адбылося.

Цяпер важна ня гэта. Вельмі важна зараз своечасова адправіць гэтых «міратворцаў» дадому, таму што знаходжаньне замежных вайскоўцаў на казаскай зямлі ў вельмі небясьпечнай сытуацыі – чэраватае. Калі раптам гэтыя «міратворцы» прымуцца разганяць мірныя мітынгі, а такіх мітынгаў усё ж большасьць (толькі Алматы адзначыўся разгулам і хаосам), гэта будзе вельмі блізка да больш сурʼёзных сутыкненьняў. І мы апынёмся ў цэнтры міждзяржаўных канфліктаў. Я вельмі спадзяюся, што Такаеў разумее гэтую сытуацыю, у бліжэйшы час ён падзякуе сваім калегам за дапамогу і папросіць вярнуць «міратворцаў» у свае казармы.

«Гэта была змова супраць Такаева, у тым ліку з боку сілавых структур»

Што тычыцца таго, чаму гэта адбылося і чаму Такаеў зьвярнуўся да гэтай дапамогі, то гэта мы цяпер разумеем. Гэта была ў прынцыпе змова супраць Такаева, у тым ліку з боку сілавых структур. Мы вельмі ўважліва назіраем за тым, што адбываецца, і будзем спадзявацца, што Такаеў правядзе расьсьледаваньне, за якое ён ужо прыняўся, абʼектыўна, максымальна публічна. Я ўпэўнены, што павінны быць дапытаныя абсалютна ўсе кіраўнікі сілавых ведамстваў і ўсё кіраўніцтва горада Алматы. Чаму адбылося тое, што адбылося ў Алматы, чаму гэта было дапушчана, чаму аддалі горад уначы марадэрам?

Чаму камэндант не выконваў указ аб надзвычайным становішчы? Як аказалася, што КНБ (Камітэт нацбяспекі) быў разрабаваны і зброя патрапіла ў рукі невядома каго? Пытаньняў вельмі шмат. Менавіта ў Алматы адбыліся падзеі, якія ў прынцыпе кідаюць цень увогуле на інстытут і канстытуцыйнае права грамадзян зьбірацца на мітынгі са сваімі патрабаваньнямі. Таму мы вельмі чакаем, што Такаеў прыме адпаведныя меры.

«Самы сумны і крывавы канец эпохі Назарбаева»

Сымбалічна, што гэтыя падзеі зьяўляюцца самым непрывабным, самым сумным і крывавым канцом эпохі Назарбаева. Шкада, што зноў пралілася кроў. Але ўсе гады кіраваньня Назарбаева – гэта былі гады інтрыг, гэта былі гады нестабільнасьці, гэта былі гады, калі маленькая група багацела, а народ бедаваў.

І кроў праліваецца ня першы раз. Мы не павінны дапусьціць, каб у Казахстане паўтарыўся Жанаазэн (у 2011 годзе ў Жанаазэне паліцыя адкрыла агонь па пратэстоўцах-нафтавіках: загінулі 16 чалавек, больш за сто атрымалі раненьні – РС). Павінны быць названыя абсалютна ўсе імёны, хто за ўсім гэтым стаіць. І ні ў якім разе ня трэба тое, што адбываецца, сьпісваць толькі на «вонкавыя сілы» і на «дэструктыўныя сілы». Мы павінны разумець, што за гэтым стаяць багатыя людзі краіны, якія баяліся страціць свой уплыў на эканоміку і на ўладу і змушаныя былі літаральна за гэтыя апошнія два дні пакінуць краіну. Дваццаць сем прыватных бартоў вылецела з Казахстану ў замежжа за апошнія дні. Палічыце, чые гэта семʼі зьехалі, і вы зразумееце, каму было выгадна тое, што адбывалася ў краіне, і хто быў зацікаўлены ў такім гвалце.

Якія наступствы для Казахстану можа мець адпраўка вайсковага кантынгенту АДКБ

- Першы раз АДКБ выканала адну з норм, якая запісана ў яе статуце. Наогул АДКБ па гэтай норме павінна дапамагаць сваім краінам-удзельніцам абараняць сваю тэрыторыю ад нападу звонку. Але АДКБ не павінна быць паліцэйскай сілай, гэта непрымальна.

Вось чаму я настойваю на тым, каб Такаеў у бліжэйшы час папрасіў калегаў адклікаць гэтыя сілы, таму што для таго, каб навесьці парадак у Казахстане, дастаткова казаскіх сіл. Нават калі ён не давярае сваім сілавікам, ён ня мае права не давяраць сваім грамадзянам. Гэта розныя рэчы, бо грамадзяне таксама не давяраюць яго сілавікам і не давяралі. Вы паглядзіце на нашых генэралаў у параднай форме – у іх іканастас на грудзях! Такое адчуваньне, што яны ўсе ўдзельнічалі ў нейкіх сакрэтных таемных войнах, незразумела, дзе і калі яны перамагалі, што ў іх столькі ўзнагарод. І вось, калі ласка, вынік – два апошнія дні – і войска не аказалася на месцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG