Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Андрэя Кузьнечыка: «Магчыма, нам і дадзена расстаньне, каб перагледзелі нешта ў жыцьці і сталі больш мудрымі»


Алеся Рак і Андрэй Кузьнечык на вясельлі
Алеся Рак і Андрэй Кузьнечык на вясельлі

Журналіст Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык, на якога завялі крымінальную справу, разумеў, што яго могуць затрымаць, але зрабіў выбар застацца ў Беларусі.

Ягоная жонка Алеся Рак апавяла сайту «Салідарнасць» гісторыю іх сям’і.

Андрэй Кузьнечык з 25 лістапада знаходзіцца ў зьняволеньні, ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, а 23 сьнежня стала вядома, што на яго завялі крымінальную справу.

Дзеці Андрэя і Алесі — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — былі сьведкамі затрыманьня таты.

— Яго забралі на вачох у дзяцей, — расказвае Алеся Рак. — Дачка ведае, дзе тата. Мацьвей пакуль не разумее. Я сказала дзецям: тату забралі злыя дзядзькі, ён цяпер у турме. Нядаўна праяжджалі міма «Валадаркі», паказала дачцэ: тата тут, можаш памахаць яму рукой, праз сьцены паслаць яму промні любові.

Я сказала дзецям: тату забралі злыя дзядзькі

Алеся кажа, што трошкі супакоілася, калі мужа перавялі з Акрэсьціна ў СІЗА-1:

— Радая, што цяпер ён у параўнальна больш камфортных умовах і прынамсі ягонаму здароўю нічога не пагражае. Цяпер носім перадачы, лісты пішам адно аднаму.

Паводле Алесі, Андрэй не выключаў, што па яго могуць прыйсьці, але прыняў рашэньне застацца ў Беларусі.

— Неяк вяртаўся дахаты і ўбачыў ля нашага дома людзей у чорным. Кажа мне: «Я нават узбадзёрыўся». Потым высьветлілася, што ў суседкі сыгналізацыя спрацавала.

Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі
Андрэй Кузьнечык зь дзецьмі

Алеся пазнаёмілася з Андрэем, калі вучылася на першым курсе філфаку БДУ, а сустракацца яны пачалі праз чатыры гады.

— Я ўсім расказала, што гэта мой будучы муж, — усьміхаецца Алеся. — Мы шмат размаўлялі, Андрэй вадзіў мяне рамантычнымі маршрутамі ўздоўж рэк.
З 2003-га пачалося наша сумеснае жыцьцё. Першыя гады жылі мы сьціпла. Ён працаваў кур’ерам, асьпіранцкую стыпэндыю атрымліваў. Я таксама праз пару месяцаў знайшла сабе працу. Хапала на нейкі мінімум.

Першыя гады жылі мы сьціпла. Ён працаваў кур’ерам, асьпіранцкую стыпэндыю атрымліваў.

Андрэй неяк прызнаўся: думаў пажыць пару гадоў разам, выпрабаваць стасункі, а пасьля прымаць рашэньне, каб ажаніцца і жыць разам усё жыцьцё.
На вясельлі сваёй сяброўкі я злавіла букет, прыходжу да яго з гэтай навіной. Кажа: «Ну пайшлі ў ЗАГС».

У 2005-м пара згуляла вясельле.

— Некалькі гадоў не рашаліся на дзяцей, баяліся, што яны абмяжуюць нашу свабоду ці неяк яшчэ сапсуюць нашы рамантычныя адносіны. Бо для нас быў такі кайф, што ты прыходзіш дахаты і можаш расслабіцца, рабіць, што хочаш, ніхто нікога не выхоўвае і не забараняе нічога. Мы старэйшыя дзеці ў сваіх сем’ях, у нас з дзяцінства не было такой свабоды, мы яе вельмі цанілі, — дзеліцца Алеся.

На роварах
На роварах

У мужы яе захапляе тое, што ў ім спалучаюцца рысы, якія не сустракаюцца ў адным чалавеку.

— Андрэй надзейны, гаспадарлівы, вельмі дбайны, пра ўсіх клапоціцца. Мы ўжо амаль 20 гадоў разам, а ён прыдумляе сюрпрызы мне на сьвяты, хоць я нічога не прашу.

Андрэй надзейны, гаспадарлівы, вельмі дбайны, пра ўсіх клапоціцца

Са штодзённага на ім закупка прадуктаў, прычым ня проста ў суседняй краме затаварыцца хоць чым. Ён абʼяжджае ўвесь раён, каб купіць мой улюбёны хлеб, смачную малочку... Для ката адмысловы корм ён бярэ ў беларускамоўных прадаўцоў, гэта асобнае няблізкае падарожжа.

Апошнія тыдні дома Андрэй усё стараўся нешта завяршыць. У нашых плінтусаў адваліліся нашлёпкі-куточкі, дык Андрэй хацеў іх замяніць, але канструкцыя састарэла. Езьдзіў на будаўнічы рынак па інструкцыі, але беспасьпяхова. Я ўрэшце прыляпіла іх на плястылін.

Увогуле дома ён цярплівы, лагодны, нэгатыў трымае ў сабе. Я кажу яму, што нельга так рабіць, гэта шкодна для здароўя. Лепш ты пасварыся трохі, але ў цябе будзе нармальны ціск і доўгія гады жыцьця. А я не хачу свой доўгі век дажываць адна, хачу з табой.

Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак
Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак

Дзеці ў нас яркія індывідуальнасьці, зь імі бывае няпроста. Дзеці ў нас яркія індывідуальнасьці, зь імі бывае няпроста. Але гэта самае цудоўнае, што ў нас ёсьць. Я цяпер большую частку жыцьця праводжу з малодшым сынам Мацьвеем, старэйшую Яніну песьціць пераважна Андрэй. Жартуем зь ім на гэтую тэму. Ён кажа: «Не цябе я ўжо ваджу рамантычнымі маршрутамі». Адказваю: «Ды і я сплю не з табой».

Дзеці ў нас яркія індывідуальнасьці, зь імі бывае няпроста

Дачка любіць дробныя падаруначкі, штодзень іх выпрошвае. Андрэй з вечара кладзе смакоцьце ў скрыначку побач з ложкам, Яніна з раніцы знаходзіць сюрпрыз.

Апошнія гады мы пачалі траціць нашу заўсёдную лёгкасьць у адносінах, весялосьць, гатоўнасьць кожную хвіліну жартаваць, нягледзячы на складанасьці і вонкавыя абставіны.

Магчыма, для гэтага нам і дадзена расстаньне, каб мы перагледзелі нешта ў жыцьці, інакш расставілі прыярытэты і сталі больш мудрымі.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG