Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх гарадах Беларусі найбольш пратэстаў і рэпрэсій. Аналізуем рэйтынг 40 беларускіх гарадоў


14 жніўня 2020 году. Акцыя пратэсту ў Жлобіне. Ілюстрацыйнае фота.

Большасьць беларусаў пражывае ў гарадах, але ў якіх зь іх лепшая якасьць жыцьця і эканамічныя магчымасьці, а адкуль лепш зьяжджаць?

Дырэктар Цэнтру новых ідэй Антон Раднянкоў, адзін з аўтараў дасьледаваньня пра рэйтынгі беларускіх гарадоў, расказвае пра найлепшыя і найгоршыя гарады ў Беларусі паводле розных вымярэньняў, разважае, якія зьмены могуць адбыцца ў гарадзкім жыцьці ў сувязі з ад’ездам зь Беларусі найбольш актыўнай і крэатыўнай часткі беларускага грамадзтва.

Дасьледчыкі Цэнтру новых ідэй прааналізавалі 40 беларускіх гарадоў, якія маюць ад 19 тысяч да 2 мільёнаў насельнікаў. Для выяўленьня лідэраў і аўтсайдэраў вызначылі 16 паказчыкаў у пяці катэгорыях: дэмаграфічная ўстойлівасьць, стан эканомікі, якасьць жыцьця, грамадзка-палітычныя практыкі і турыстычная прывабнасьць. Пасьля аналізу гэтых зьвестак вылучылі восем тыпаў беларускіх гарадоў.

1. Вышэйшая ліга (Менск, Горадня, Берасьце)

  • Лідэрам чакана стаў Менск, але дэмаграфічна Горадня і Берасьце паказваюць добрыя вынікі, бо ў іх добры натуральны прырост і вялікая колькасьць маладога насельніцтва, невысокі ўзровень злачыннасьці, вялікая доля лекараў і студэнтаў адносна колькасьці жыхароў.

2. Прамысловыя монагарады (Салігорск, Жодзіна, Наваполацак, Мазыр, Жлобін)

  • Сярэднія па памерах гарады з прамысловымі флягманамі: Салігорск мае «Беларуськалій», Жодзіна — «БелАЗ», Жлобін — БМЗ, а Наваполацак ды Мазыр — нафтаперапрацоўку. Гэтыя індустрыяльныя цэнтры прыцягваюць у гарады спэцыялістаў і маладыя сем’і.

3. Абласныя цэнтры, якія адстаюць (Гомель, Віцебск, Магілёў)

  • Натуральны прырост у Гомлі, Віцебску ды Магілёве — адмоўны. Па інвэстыцыях гэтыя гарады ў паўтара раза адстаюць ад заходніх абласных цэнтраў.

4. Дынамічныя гарады-спадарожнікі (Дзяржынск, Смалявічы)

  • Аб’ёмы інвэстыцый на тысячу чалавек насельніцтва ў гэтых гарадах у разы большыя, чым нават у лідэраў рэйтынгу, сярэднія заробкі таксама вышэйшыя.

5. Заходнія мястэчкі (Ліда, Пінск, Кобрынь, Слонім, Смаргоні, Івацэвічы)

  • У першай дваццатцы рэйтынгу — невялікія гарады з добрай дэмаграфічнай сытуацыяй, някепскай эканомікай ды грамадзка-палітычнымі паказьнікамі.

6. Незалатая сярэдзіна (Полацак, Слуцак, Бяроза, Маладэчна, Лунінец, Вялейка, Ваўкавыск, Марʼіна Горка, Паставы)

  • У сярэдзіне рэйтынгу — гэтыя невялікія гарады, якія пры адсутнасьці вялікай прамысловасьці і аб’ектаў, цікавых турыстам, паказваюць ня самы кепскі ўзровень якасьці жыцьця.

7. Прамысловасьць, якая памірае (Барысаў, Баранавічы, Бабруйск)

  • Гэтыя гарады зь някепскай эканомікай, выгодна разьмешчаныя на скрыжаваньні галоўных транспартных магістраляў, апынуліся амаль у самым канцы рэйтынгу паводле якасьці жыцьця, хоць па сярэдніх заробках яны трымаюцца на ўзроўні найлепшых у краіне.

8. Усходняя бездань (Горкі, Рэчыца, Калінкавічы, Ворша, Сьветлагорск, Рагачоў, Асіповічы, Крычаў)

  • У нізе рэйтынгу — гарады на ўсходзе Беларусі зь ня самай лепшай дэмаграфіяй, якасьцю жыцьця, узаемадзеяньня з уладамі і турыстычнай прывабнасьцю.


Глядзець размову з Антонам Раднянковым на відэа цалкам

Фрагмэнты з размовы

«Гарадзкое жыцьцё цяпер у замарожаным стане»


— Што зьменіць у Беларусі, у Менску масавая палітычная эміграцыя — хто будзе купляць кватэры вымушаных мігрантаў, якім будзе гарадзкое жыцьцё, хто будзе перасяляцца ў вялікія гарады, калі перамены не наступяць бліжэйшым часам?

Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтру новых ідэй
Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтру новых ідэй

— Апошнія паўтара года адбываецца палітычная эміграцыя. У Менску цэны на нерухомасьць упалі прыкладна на 15%, але агулам за апошні год цэны застаюцца стабільнымі і ў Менску, і ў рэгіёнах. Калі эканоміка ў 2022 годзе ня будзе расьці, будзе стагнацыя, то за палітычнай эміграцыяй трэба будзе чакаць эканамічнай эміграцыі. Трэба разумець, што ня ўсе будуць гатовыя зьяжджаць з краіны, і людзі з рэгіёнаў, дзе будзе найбольш праблемаў з працай, будуць пераяжджаць у Менск дзеля працы, і гэта будзе трымаць цэны стабільнымі. У буйных гарадах цэны на нерухомасьць будуць падаць апошнімі, і ня варта чакаць нейкага абвалу на рынку нерухомасьці.

Гарадзкое жыцьцё цяпер у цяжкім становішчы. Паўплываў і палітычны крызіс. Зачынілася вялікая колькасьць недзяржаўных арганізацый, якія стваралі вялікую частку грамадзкага жыцьця. Некаторыя гарады толькі пачалі ператварацца ў турыстычныя (Горадня, Берасьце), але палітычная сытуацыя і каранавірус усё спынілі. Гарадзкое жыцьцё цяпер у замарожаным стане.

— Што ў рэйтынгу было нечаканым для дасьледчыкаў, а што заканамерным (гарады на ўсходзе як найменш прывабныя)?

— Традыцыйна лічыцца, што ў Беларусі няма падзелу паміж захадам і ўсходам. Культурна гэты падзел ня надта вялікі, але калі паглядзець на гарады, то гэты падзел, канечне, ёсьць. Гарады ў заходняй частцы краіны паказваюць сябе значна лепей, чым гарады на ўсходзе. Пінск, Ліда, Кобрынь, Смаргоні знаходзяцца ў другой дзясятцы, там неблагая эканоміка, актыўнае грамадзтва і турыстычная прывабнасьць. А калі паглядзець на такія ж невялікія гарады на ўсходзе, як Горкі, Рэчыца, Калінкавічы, Ворша, Сьветлагорск, Асіповічы, Крычаў, то ўсе яны ў апошняй дзясятцы. Там знаходзяцца нават гарады, дзе нядрэнныя заробкі, такія як Рэчыца і Сьветлагорск, бо ў іх кепская якасьць жыцьця — мала дактароў, павышаная злачыннасьць, адсутнасьць студэнтаў і мала турыстаў.

«На першым месцы паводле колькасьці палітвязьняў — Жлобін, Берасьце, Пінск»

— А калі ацэньваць беларускія гарады з пункту гледжаньня падзеяў 2020 году?

— Мы не маглі не ацаніць, якія гарады грамадзка і палітычна больш актыўныя. Каб гэта замерыць, зьвярнуліся да плятформы «Голас» і паглядзелі, у якіх гарадах было болей рэгістрацый на плятформе на тысячу жыхароў, бо гэта паказвала, наколькі людзі грамадзкі актыўныя. І вылучыліся тры групы гарадоў. Першая — Менск і сталічны рэгіён, у тым ліку Маладэчна і Дзяржынск. Другая група — заходнія гарады (Берасьце, Горадня, Ліда, Бяроза). І трэцяя група палітычна актыўных гарадоў — прамысловыя монагарады Салігорск, Жодзіна і Жлобін. Гэта ўсё пратэставыя гарады з палітызаваным, актыўным грамадзтвам.

Мы спрабавалі ацаніць і тое, дзе ўлады найбольш рэпрэсіўныя. На першым месцы паводле колькасьці палітвязьняў — Жлобін, Берасьце, Пінск. У гэтых гарадах улады найбольш жорстка рэпрэсавалі людзей. Ня Жодзіна і не Салігорск, хоць там гараджане былі вельмі актыўныя, але ўлады там менш рэпрэсіўныя. Гэта паказвае, што гарады розныя, мясцовыя ўлады розныя і дзейнічаюць па-рознаму.

«Рэгіянальныя пункты росту — якраз пад ударам санкцый»

— Як на разьвіцьцё беларускіх гарадоў могуць паўплываць санкцыі?

— Многія гарады з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі цяпер пад рызыкай, бо прадпрыемствы — пад санкцыямі. Мы да канца ня ведаем, як санкцыі паўплываюць на той жа «Беларуськалій», на наваполацкі «Нафтан», на полацкае «Шкловалакно». Гэтыя гарады былі рэгіянальнымі драйвэрамі, яны давалі працоўныя месцы ня толькі жыхарам гораду, але і суседніх раёнаў. Гэтыя рэгіянальныя пункты росту — якраз пад ударам санкцый.

Ёсьць рызыка росту беспрацоўя ў гэтых гарадах, заробкі перастануць расьці і сацыяльнае жыцьцё пагоршыцца. І гэта ўжо пачынае адбывацца ў тым жа Салігорску, бо «Беларуськалій» перастае спансаваць грамадзкія праекты, якія падтрымліваюць гарадзкое жыцьцё.

«Ёсьць небясьпека, што беларускія гарады будуць рабіцца донарамі працоўнай сілы для іншых краінаў»

— Чаму гэты рэйтынг важны і што можна было б карэктаваць, плянаваць, абапіраючыся на яго? На што ў сьвеце ўплываюць і дзеля чаго робяцца такія рэйтынгі? І якая тут беларуская практыка?

— Першы наш рэйтынг гарадоў выйшаў у 2018 годзе. Калі мы яго задумвалі, то мы бачылі яго ў тым ліку і як інструмэнт камунікацыі зь мясцовымі ўладамі. Тады пачыналася канкурэнцыя паміж мясцовымі ўладамі, паміж рознымі гарадамі. Мы рабілі прэзэнтацыі рэйтынгу ў розных рэгіёнах. У 2019 годзе прэзэнтавалі рэйтынг старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму спадару Аляксандру Рагачуку.

Ён тады выглядаў вельмі мадэрновым, адкрытым кіраўніком гораду, сустракаўся з гараджанамі, запрашаў усіх у залю Дома культуры на абмеркаваньні, быў актыўным. Сам да нас зьвярнуўся, прапанаваў сустрэцца і казаў, як хоча зьмяняць горад, каб ён рос у гэтым рэйтынгу. А потым ён аказаўся адзіным са старшыняў гарвыканкамаў, які быў даверанай асобай Лукашэнкі. У Берасьці была «карагодная справа», Берасьце цяпер у лідэрах паводле колькасьці палітвязьняў сярод усіх гарадоў.

Ёсьць тры фактары пасьпяховасьці гарадоў. Драйвэры — заходняя мяжа, турысты, а таксама сталіца і сталічны рэгіён. Цяпер з драйвэраў росту засталася толькі сталіца і сталічны рэгіён. Турыстаў няма, і яны ня будуць прыяжджаць праз ковід, яны ня будуць прыяжджаць у краіну, дзе больш за тысячу палітвязьняў. І гэта паказвае вельмі нэгатыўныя трэнды на будучыню. Калі палітычная сытуацыя ня будзе зьмяняцца, у беларускіх гарадоў не застанецца драйвэраў росту. І ёсьць небясьпека, што яны будуць рабіцца донарамі працоўнай сілы для іншых краінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG