Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагаршэньне сытуацыі прывядзе да эканамічнай міграцыі беларусаў», — высновы экспэртаў пра ўзьдзеяньне санкцый


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

«Цэнтар новых ідэй» і «Народный опрос» правялі дасьледаваньне пра санкцыі, іх эфэкт і ўплыў на эканоміку і грамадзтва. Вынікамі дасьледаваньня экспэрты падзяліліся на лекцыі, арганізаванай «Прэс-клюбам».

Экспэрты разьбіраліся: як санкцыі паўплываюць на беларускія рэгіёны, якія гарады і раёны пацярпяць найбольш, ці стануць санкцыі чарговай лініяй расколу грамадзтва.

Эканамічны бок дасьледаваў дырэктар Цэнтру новых ідэй Антон Раднянкоў. Грамадзкі — дасьледчык Цэнтру Генадзь Каршуноў.


Што будзе з эканомікай у рэгіёнах

Антон Раднянкоў
Антон Раднянкоў

Паводле Антона Раднянкова, найбольш прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, знаходзіцца ў Менску. Але сталіца пацярпіць ад санкцый менш за іншыя гарады — такія, як Салігорск, Мазыр, Полацк, дзе знаходзяцца «падсанкцыйныя» прадпрыемствы — «Беларуськалій», МНПЗ, «Полацак-шкловалакно» і «Нафтан».

«У спадчыну ад савецкай прамысловасьці ў нас ёсьць шмат монагарадоў, дзе ад 10 да 24% насельніцтва працуе на Мазырскім НПЗ ці салігорскім „Беларуськаліі“. Калі санкцыі пачнуць дзейнічаць, гэта можа прывесьці да зьмяншэньня заробкаў, павелічэньня беспрацоўя. Буйныя прадпрыемствы аддаюць сродкі ў мясцовы бюджэт, якія ідуць на сацыяльныя рэчы. Таксама яны спансуюць спартовыя клюбы. Калі эканамічная сытуацыя пагоршыцца, гэта пацягне за сабою зьмены і ў грамадзкім жыцьці», — патлумачыў Раднянкоў.

Такія гарады, як Мазыр і Полацак, — рэгіянальныя драйвэры росту. Побач зь імі — раёны зь нізкім узроўнем заробкаў. Яны пацярпяць таксама, таму што насельніцтва «бедных» раёнаў часта езьдзіць на працу ў «багатыя».

«Рэгіянальныя пункты росту пераўтворацца ў пункты нестабільнасьці. Ад санкцый пацярпіць і рэспубліканскі бюджэт — гэта паўплывае на пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў датацыйных Лоеве, Шуміліне, Ельску, Ушачах і іншых раёнах», — сказаў экспэрт.

Ён прызнаў, што канчатковы эфэкт санкцый пакуль яшчэ нявядомы.

Улада мае чатыры шляхі, каб зьменшыць эфэкты санкцый. Гэта

  • гнуткасьць бізнэс-мадэляў і геаграфія партнэраў;
  • запас трываласьці на мясцовым узроўні;
  • дапамога з рэспубліканскага бюджэту;
  • актыўнае супрацьдзеяньне ўладаў (стварэньне фірмаў-«пракладак», шэрыя схемы, пазовы ў суды і гэтак далей).

Што з грамадзкай сьвядомасьцю

У сваім дасьледаваньні Генадзь Каршуноў спасылаецца на Chatham House і «Народный опрос». Апошнія дасьледавалі пратэставую аўдыторыю.

Былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў
Былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў

«Пакуль і эканоміка, і грамадзтва цалкам не адчулі эфэкты санкцый. Але яны ўвайшлі як мінімум у інфармацыйную прастору. 90% пратэставай аўдыторыі ўважліва адсочвае гэтую тэму. Людзі пачынаюць выпрацоўваць свой пункт гледжаньня. Іх думкі часам дыямэтральна супрацьлеглыя — асабліва па тэме „Да каго трэба прымяняць санкцыі“. Паводле дасьледаваньня Chatham House, на тэму санкцый адбываецца палярызацыя думак. 44% апытаных гатовыя падтрымаць кропкавыя санкцыі, але 51% — супраць шырокіх санкцый. Іх падтрымліваюць толькі 24%. Каля 70% адзінадушныя ў тым, што санкцыі павінны быць супраць Лукашэнкі, набліжанага да яго бізнэсу і сілавікоў», — кажа Каршуноў.

Ён дадаў, што людзі падтрымліваюць санкцыі на эмацыйным узроўні. Але пры гэтым разумеюць, што моцнага эфэкту — такога, як сыход Лукашэнкі — санкцыі не прынясуць.

«Каля 80% апытаных разумеюць, што імгненных палітычных дывідэндаў ад санкцый ня варта чакаць. Пакуль галоўны эфэкт санкцый — гэта надзея, гэта эмацыйнае ўспрыняцьце. Падтрымку санкцый людзі ўспрымаюць як адну з праяваў сваёй пратэставасьці», — выказаўся экспэрт.

Экспэрты лічаць, што замаруджваньне эканомікі падштурхне людзей да эканамічнай эміграцыі — пошуку працы ў іншых краінах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG