Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай запусьціў новы кантэйнэрны цягнік у Эўропу ў абыход Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

З 1 студзеня пачаў дзейнічаць новы маршрут для дастаўкі грузаў з Кітаю ў Эўропу.

Як паведамляе агенцтва «Сіньхуа», кантэйнэрны цягнік з 50 плятформаў з электронікай і іншымі таварамі быў адпраўлены з горада Сіань у нямецкі Мангейм.

Пасьля прыбыцьця ў расейскі Санкт-Пецярбург кантэйнэры перагрузяць на судна і морам даставяць у нямецкі порт Мукран, адкуль па чыгунцы яны прыбудуць у Мангейм. Такім чынам, новы маршрут абмінае Беларусь і Польшчу.

Працягласьць новага маршруту складае каля 12,8 тысячы км, час у дарозе — 16–18 дзён. «Новы маршрут дазваляе пазьбегнуць збояў у транспартаваньні, выкліканых празьмернай загружанасьцю некалькіх станцый на традыцыйных маршрутах праз краіны Ўсходняй Эўропы», — гаворыцца ў паведамленьні Сіньхуа.

У апошнія гады кантэйнэрны транзыт паміж Кітаем і Эўропай празь Беларусь быў адной з галоўных крыніц росту грузапатокаў для беларускай чыгункі. У верасьні мінулага году ў Беларускай чыгунцы паведамлялі, што па маршруце Кітай — Эўропа — Кітай за 8 месяцаў транзытам празь Беларусь перавезьлі больш за 470 тысяч кантэйнэраў (на 43% больш, чым за аналягічны пэрыяд 2020 году), і гаварылі пра пляны захаваць тэмпы росту па кантэйнэрных перавозках з Кітаю.

У сьнежні 2021 году стала вядома, што лягістычны апэратар FELB запусьціў тэставы рэйс для дастаўкі грузаў з Кітаю ў Эўропу ў абыход Беларусі. «Апошнім часам неаднаразова ўзьнікалі цяжкасьці на эўрапейскай частцы маршруту з Цэнтральнай Эўропы ў Кітай. У прыватнасьці, палітычная сытуацыя ў Беларусі і працяглыя затрымкі на мяжы з Польшчай абцяжарвалі транспартаваньне», — пракамэнтавалі тады ў кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG