Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны пра вайсковую пагрозу Расеі: «Пакуль няма, а заўтра — пабачым»


Спадарожнікавы здымак расейскага вайсковага лягеру ля межаў Украіны, у Варонескай вобласьці. Архіўны здымак, красавік 2021 г.

Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны (РНБА) разгледзела пытаньні аб сытуацыі на межах Украіны, у тым ліку на памежжы зь Беларусьсю, а таксама на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

«Мы разгледзелі характар адпаведных дзеяньняў на нашых межах. Вы ведаеце, што адбываецца каля нашых межаў, каля межаў Польшчы і Літвы з боку Беларусі», — паведаміў сакратар РНБА Аляксей Данілаў.

На пасяджэньні заслухалі справаздачу аб гэтым пытаньні кіраўніка галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірылы Буданава.

«Каля межаў ёсьць нязначнае павелічэньне (расейскіх войскаў), але яно ня надта крытычнае для нас. Уся сытуацыя пад кантролем. Цяпер адбываецца вялікая інфармацыйная кампанія. Мы ня бачым сёньня наўпроставай пагрозы для нашай дзяржавы. Ці можа быць у Крамлі ўхвалена іншае рашэньне? Можа. І калі яно будзе прынята, мы адразу будзем працаваць», — падкрэсьліў ён.

Аляксей Данілаў дадаў, што ўкраінская выведка штодня адсочвае сытуацыю на межах Украіны і ўглыб Расеі на 200 кілямэтраў.

«Мы пакуль ня бачым небясьпекі. Калі для пэўнай часткі заходняга грамадзтва было навіной, што ў нас працягваецца вайна, што ёсьць агрэсія з боку Расейскай Фэдэрацыі, для нас гэта, на жаль, штодзённыя рэчы. Мы пільна адсочваем, што адбываецца на нашых межах і ў пэрымэтры 200 кілямэтраў ад нашых межаў. На сёньня пагрозы адкрытай агрэсіі з боку Расеі ня бачым. Што будзе заўтра, будзем пра гэта заўтра і гаварыць», — патлумачыў сакратар РНБА.

Аляксей Данілаў адзначыў, што цяпер Расея спрабуе дэстабілізаваць унутраную сытуацыю ва Ўкраіне. «Гэта пытаньне нумар адзін для Расейскай Фэдэрацыі. Калі будзе ўнутраная дэстабілізацыя, Расея можа скарыстацца такой магчымасьцю. Наша задача гэтага не дапусьціць».

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі дадаў, што на пасяджэньні таксама заслухалі справаздачы міністра абароны і галоўнага камандуючага аб гатоўнасьці Ўзброеных сілаў рэагаваць у выпадку вайсковай агрэсіі.

Аналітыкі Conflict Intelligence Team (CIT) 30 сьнежня апублікавалі паведамленьне аб тым, што ў сьнежні канцэнтрацыя расейскіх войскаў ля межаў Украіны і ў акупаваным Расеяй Крыме працягвалася, а агульная колькасьць вайсковай тэхнікі ў гэтых раёнах, «імаверна, перавысіла красавіцкія лічбы».

30 сьнежня мае адбыцца тэлефонная размова прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з Уладзімірам Пуціным, нягледзячы на тое, што паміж дэлегацыямі дзьвюх краін маюць адбыцца паўнацэнныя перамовы аб гарантыях бясьпекі адразу пасьля навагодніх вакацыяў.

Плянуецца, што пасьля гэтай размовы Джо Байдэн правядзе тэлефонную размову і з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

  • 17 сьнежня расейскія ўлады падалі два праекты сваіх прапановаў у пытаньні гарантыяў бясьпекі. Адзін дакумэнт адрасаваны NATO, другі — ЗША. Ключавое патрабаваньне Масквы — адмова NATO ад далейшага пашырэньня на Ўсход, а менавіта ад уключэньня ў арганізацыю новых сяброў зь ліку былых савецкіх рэспублік і ад разьмяшчэньня на іх тэрыторыях вайсковых базаў.
  • Масква настойвае на гарантыях ёй на фоне новага рэзкага абвастрэньня адносін з Захадам, які абвінавачвае расейскія ўлады ў рыхтаваньні ўварваньня ва Ўкраіну і перакідваньні да яе межаў вайсковай тэхнікі. Улады ЗША папярэдзілі, што ў выпадку новага замаху Расеі на сувэрэнітэт Украіны Масква сутыкнецца зь беспрэцэдэнтна суровымі санкцыямі. Пры гэтым адміністрацыя Байдэна заявіла, што гатовая да перамоваў з Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG