Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выдалі ордэр на арышт дэзэртыра Эміля Чэчкі


Эміль Чэчка

Польскі жаўнер дэзэртаваў са свайго войска і ўцёк у Беларусь 16 сьнежня, а неўзабаве пачаў даваць інтэрвію беларускім дзяржаўным каналам, вінавацячы Польшчу ў масавых забойствах мігрантаў.

Пракуратура раёну Беласток-Поўнач выдала ордэр на арышт салдата 16-й Паморскай мэханізаванай дывізіі Эміля Чэчкі, які дэзэртаваў з войска і ўцёк у Беларусь. Ордэр дзейнічае на тэрыторыі Польшчы, паведамляе тэлеканал TVN.

21 сьнежня пракуратура Беластоку завочна выставіла жаўнеру абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу Польшчы («Дэзэртырства», прадугледжвае да 10 гадоў зьняволеньня). Акрамя таго, Акруговая пракуратура Варшавы правярае дзеяньні Чэчкі на зьдзяйсьненьне «злачынства супраць Рэспублікі Польшча» паводле часткі 1 артыкулу 127, што можа пагражаць пажыцьцёвым пазбаўленьнем волі.

Як сказаў прадстаўнік пракуратуры Беласток-Поўнач палкоўнік Радаслаў Вішанка, ордэр азначае тое, што падазраванага цяпер можа затрымаць на тэрыторыі Польшчы любая сілавая структура і перадаць пад сьледчы арышт, аднак этап расьсьледаваньня яшчэ папярэдні, таму пакуль не вядзецца размова пра экстрадыцыю Чэчкі зь Беларусі.

25-гадовы Чэчка перайшоў мяжу і, паводле ўладаў Беларусі, папрасіў палітычнага прытулку. Польскі вайсковец сьцьвярджаў, што не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў. У інтэрвію беларускім прапагандыстам ён расказаў, што польскія сілавікі «забіваюць» на мяжы валянтэраў і саміх мігрантаў. Чэчка заявіў, што асабіста браў удзел у экзэкуцыях.

Польскія ўлады не камэнтуюць гэтых заяваў. Мясцовыя СМІ, у тым ліку апазыцыйныя да ўладаў Польшчы, называюць выказваньні Чэчкі выдумкай, а ў ААН заявілі, што праверка з выездам у Польшчу не знайшла ніякіх доказаў словам дэзэртыра.

На радзіме Чэчка меў праблемы з законам, злоўжываў алькаголем і наркотыкамі, біў сваю маці. Польскія спэцслужбы правяраюць ягоную сястру, хлопец якой беларус. Разглядаецца вэрсія, што Эміль за нейкі час да пераходу мяжы мог быць завэрбаваны беларускімі спэцслужбамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG