Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выцяў маці кулаком і галавой у твар, пагражаў ёй сьмерцю». Новыя дэталі пра польскага дэзэртыра Эміля Чэчку


Эміль Чэчка

Вайсковы аддзел раённай пракуратуры Беласток-Поўнач выставіў абвінавачаньне вайскоўцу Эмілю Чэчку, які ўцёк на мінулым тыдні ў Беларусь. За дэзэртырства яму пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Пракуратура не выключае, што будзе дамагацца ордэра на арышт, паведамляе партал Onet.pl.

25-гадовы Чэчка перайшоў мяжу і, паводле ўладаў Беларусі, папрасіў палітычнага прытулку. Польскі вайсковец сьцьвярджае, што не пагаджаецца з палітыкай польскіх уладаў адносна мігрантаў. У інтэрвію беларускім прапагандыстам ён расказаў, што польскія сілавікі забіваюць на мяжы валянтэраў і саміх мігрантаў. Чэчка заявіў, што асабіста браў удзел у экзэкуцыях. Польскія ўлады не камэнтуюць гэтых заяваў. Мясцовыя СМІ, у тым ліку апазыцыйныя да ўладаў Польшчы, называюць выказваньні Чэчкі выдумкай.

Fakt: Чэчка катаваў уласную маці

Польскае выданьне Fakt апублікавала дэталі асабістага жыцьця Чэчкі, якія, на думку газэты, паўплывалі на рашэньні дэзэртыраваць. Супрацоўнікі выданьня пабывалі ў горадзе Барташыцэ на поўначы Польшчы, дзе вырас і жыў Чэчка. Суседзі расказалі, што яшчэ ўлетку даведаліся пра тое, што мужчына б’е сваю маці.

«Гэта было ўлетку, маці з крыкам выбегла на падворак, прасіла дапамогі», — успамінае суседка.

На месца здарэньня выклікалі паліцыю. Паколькі Чэчка быў жаўнерам, то зьявілася і Вайсковая жандармэрыя. Высьветлілася, што Чэчка пабіў уласную маці, піша Fakt.

Паводле выданьня, з маці жаўнер зьдзекаваўся ад 2020 году. Ён яе біў, крычаў, прымушаў купляць сабе цыгарэты і алькаголь і нават забараняў уваходзіць у адзіны ў кватэры пакой. Гвалт абвастрыўся ў траўні 2021 году.

«7 траўня 2021 году ён шмат разоў ударыў ахвяру адкрытай далоньню па твары і ў заднюю частку галавы, а пасьля абедзьвюма рукамі сьціскаў далоні на яе шыі, выцяў яе таксама кулаком і галавой у твар і пагражаў ёй сьмерцю», — паведаміў газэце прэс-сакратар Акруговага суду ў горадзе Ольштын Альгерд Дамброўскі-Жагальскі.

«Раней маці не заяўляла на яго, ён зьдзекаваўся зь яе за зачыненымі дзьвярыма», — расказалі суседзі Чэчкаў.

Акруговы суд у Барташыцах у верасьні прысудзіў жаўнеру 6 месяцаў пазбаўленьня волі і забараніў набліжацца да маці бліжэй чым за 50 мэтраў. На працягу году яму забаранілі зьвязвацца з ёй. Эміль Чэчка падаў апэляцыю. Чарговае судовае паседжаньне павінна адбыцца 29 сьнежня 2021 году.

Пасьля гэтага здарэньня жаўнер вярнуўся ў войска, паколькі прысуд не набыў моцы. Яго накіравалі на мяжу. Але неўзабаве ён і так меўся пакінуць армію.

«Прысуд другой інстанцыі, пэўна, завяршыўся б пацьвярджэньнем першага прысуду. Мужчына баяўся гэтага вэрдыкту», — піша Fakt.

Эміль Чэчка
Эміль Чэчка

Onet.pl: «Хлопцы ў сярэдняй школе крыху яго цкавалі»

«Калі я ўбачыў навіну, яго імя і прозьвішча, потым твар, я быў у шоку. Я ня верыў, што гэта зрабіў Эміль. Але іншае зьдзівіла мяне яшчэ больш. Я маю на ўвазе, як такі хлопец мог апынуцца ў войску, — расказвае выданьню Onet.pl былы аднаклясьнік Чэчкі, пан Марэк. — Гэта быў недарэка. Ведаеце, я не хачу нічога такога казаць, але хлопцы ў сярэдняй школе крыху яго цкавалі. Нічога асаблівага, але мы крыху пасьмейваліся зь яго. Яго не ўспрымалі сур’ёзна».

Гэтую вэрсію шмат у чым пацьвярджае і другі жыхар Бартошыц, Лукаш. Ён вучыўся ў паралельнай клясе з Чэчкам: «Бездар, яго часта дражнілі. Магчыма, за лапавухасьць. Але гэта было ня ўсё. Часам яму было цяжка выказвацца. Я вельмі зьдзівіўся, калі даведаўся, што нехта прыняў такога хлопца ў войска».

Лукаш узгадвае Эміля з сумеснай паездкі ў Варшаву: «Потым я зь ім крыху пагутарыў. Ён цікавіўся гісторыяй, і я думаю, што ў яго гэта добра атрымлівалася. Памятаю, мы былі ў Музэі Варшаўскага паўстаньня. Ён засыпаў нас гістарычнымі датамі і курʼёзамі».

У прадуктовай краме ў невялікім раёне Бартошыцаў прадавачкі сьмяюцца, што Бартошыцы нарэшце сталі вядомымі на ўсю Польшчу. Адна з супрацоўніц сьцьвярджае, што ведала Эміля ў твар, калі ён прыходзіў у краму. Ён здаваўся звычайным нармальным хлопцам. «Але ці вядома, што ў каго ў галаве», — заўважае жанчына.

Зь некалькіх незалежных крыніц, зьвязаных з войскам, а таксама вайсковымі спэцслужбамі, Onet.pl даведаўся, што польскія спэцслужбы ў гэты момант правяраюць вэрсію імавернай супрацы Чэчкі зь беларускімі спэцслужбамі, якая пачалася да пераходу мяжы. Вядома, што правяраюць сястру Чэчкі, партнэр якой зьяўляецца беларусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG