Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Расеі паведаміў пра перамовы са Злучанымі Штатамі пасьля навагодніх сьвятаў


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў у Стакгольме, 2 сьнежня 2021 г.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў у Стакгольме, 2 сьнежня 2021 г.

Расейска-амэрыканскія перамовы аб гарантыях бясьпекі адбудуцца адразу пасьля навагодніх вакацыяў, заявіў у панядзелак кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў.

Ён адзначыў, што перамовы будзе весьці міжведамасная дэлегацыя з удзелам вайскоўцаў.

«Галоўнае, як сказаў прэзыдэнт, каб не было балбатні, каб не загаварылі нашы прапановы ў бясконцых дыскусіях, чым Захад славіцца і чым ён умее займацца», — сказаў Лаўроў YouTube-каналу «Соловьёв-лайф».

У мінулую сераду Сяргей Лаўроў сказаў, што чакае пачатку кансультацый са Злучанымі Штатамі ў студзені. Крыху раней памочнік дзяржаўнага сакратара ў справах Эўропы і Эўразіі Карэн Донфрыд у гутарцы з журналістамі таксама выказала думку, што перамовы, паводле яе зьвестак, могуць пачацца ў студзені. Адначасова Донфрыд папярэдзіла, што ў Вашынгтоне частку расейскіх прапановаў лічаць непрымальнымі.

Расейскія ўлады 17 сьнежня падалі два праекты прапановаў да гарантыяў бясьпекі. Адзін дакумэнт адрасаваны NATO, другі — ЗША. Ключавое патрабаваньне Масквы — адмова NATO ад далейшага пашырэньня на Ўсход, а менавіта ад уключэньня ў арганізацыю новых чальцоў зь ліку былых савецкіх рэспублік або разьмяшчэньня на іх тэрыторыях вайсковых базаў.

Масква настойвае на гарантыях ёй на фоне новага рэзкага абвастрэньня адносінаў з Захадам, які абвінавачвае расейскія ўлады ў рыхтаваньні ўварваньня ва Ўкраіну і перакіданьні да яе межаў вайсковай тэхнікі.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Гарыс у гутарцы з CBS News 26 сьнежня папярэдзіла ўсьлед за кіраўніком Белага дому Джо Байдэнам, што ў выпадку новага замаху Расеі на сувэрэнітэт Украіны Масква сутыкнецца з такімі санкцыямі, якіх раней не бывала. На пытаньне, ці закрануць гэтыя абмежаваньні асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, Гарыс сказала, што не гатовая казаць пра дэталі. На рэмарку аб тым, што папярэднія заходнія санкцыі Пуціна не спынілі, Камала Гарыс паўтарыла, што магчымыя новыя абмежавальныя меры будуць больш суровыя.

У ЗША ў адказ на расейскія прапановы заяўлялі, што гатовыя да перамоваў з Расеяй па некалькіх каналах, у тым ліку ў рамках рады Расея – NATO. Пры гэтым у Вашынгтоне падкрэсьліваюць, што ўсякі дыялёг мае весьціся пры ўдзеле партнэраў і хаўрусьнікаў ЗША ў Эўропе.

Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага зьвязу Енс Столтэнбэрг прапанаваў прызначыць на сярэдзіну студзеня першае за два з паловай гады пасяджэньне рады Расея – NATO.

Абвінавачаньні ў агрэсіі супраць Ўкраіны расейскія ўлады катэгарычна адмаўляюць, указваючы на магчымыя варожыя намеры краін Захаду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG