Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 26 сьнежня: выязны суд на мэблевай фабрыцы ў Баранавічах, затрыманьні ў Маладэчне і Пружанах


Сілавікі ў Менску. Архіўнае фота.

Перасьлед беларусаў за іх грамадзкую і палітычную пазыцыю не спыняецца. Свабода працягвае штодня весьці хроніку перасьледу.

Затрыманьне ў Маладэчне

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманьне ў Маладэчне майстра спорту па гарадошнаму спорту Антона Драздовіча.

Зь ім зьявілася «пакаяльнае» відэа на праўладных тэлеграм-каналах. Да яго прыклалі фота футбольнага шаліка і пасведчаньня, выдадзенага Міністэрствам спорту і турызму. На запісе Антон гаворыць, што яго затрымалі за падзеі 9 жніўня 2020 году.

Выязны суд у Баранавічах

20 сьнежня прайшоў выязны суд над 27-гадовым работнікам мэблевай фабрыкі «Лагуна» Сяргеем Карпенем, паведамляе «Вясна».

Сьледства сьцьвярджала, што 17 верасьня 2020 года Сяргей «з мэтай нанясеньня шкоды гонару і годнасьці Лукашэнкі» у тэлеграм-канале «Баранавічы-97%» нібыта пакінуў допіс з ненарматыўнай лексікай. Мужчыну асудзілі на два гады «хіміі» і канфіскавалі ягоны тэлефон на карысьць дзяржавы.

Пасьля паседжаньня Вадзім Карачун, дзяржаўны абвінаваўца па справе, прачытаў кіраўніцтву і працаўнікам фабрыкі лекцыю аб наступствах «супрацьпраўных паводзінаў» у інтэрнэце.

У Пружанах затрымалі актывістку Алену Гнаўк

64-гадовая актывістка Алена Гнаўк адбывае хатнюю хімію за ўдзел у акцыях пратэсту. Яна паехала ў Пружанскі РАУС адзначацца, і яе там затрымалі сілавікі. Алену Гнаўк абвінавацілі ў незаконным пікетаваньні, паведамляе «Вясна».

Алену Гнаўк у траўні 2021 году асудзілі на два гады хатняй «хіміі» па «карагоднай справе» ў Берасьці. У верасьні яна атрымала новы тэрмін — яшчэ два гады «хіміі». Па вэрсіі абвінавачаньня, Алена Гнаўк падчас разгляду яе мінулай крымінальнай справы за ўдзел у «пратэстным карагодзе» вымавіла фразу, у якой зьмяшчалася абраза на адрас Лукашэнкі. Сумарнае пакараньне — тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прэс-сакратар А1 скончыў адбываць 15 сутак

Скончыліся 15 сутак арышту прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева, піша @the_village_me. Інфармацыі аб тым, ці выйшаў ён на волю, пакуль няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG