Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнтагон падзеліцца з Украінай апэратыўнымі зьвесткамі выведкі


Міністэрства абароны ЗША працуе над плянам перадачы Ўкраіне зьвестак выведкі, якія дапамогуць ёй хутчэй адрэагаваць на магчымае расейскае ўварваньне.

Аб гэтым піша The New York Times са спасылкай на высокапастаўленыя крыніцы. Зь іхных словаў, калі плян ухваліць прэзыдэнт Джо Байдэн, гэта напэўна выкліча абурэньне ў Расеі.

Невялікая група супрацоўнікаў Пэнтагону нядаўна наведала Ўкраіну, каб ацаніць патрэбы краіны ў супрацьпаветранай абароне, сказаў прэсавы сакратар ведамства Джон Кірбі. ЗША ўжо пастаўляюць Украіне супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты Javelin, нагадвае «Голас Амэрыкі».

Але, як адзначае New York Times, прапанова Пэнтагону перадаваць апэратыўную інфармацыю выведкі патэнцыйна больш значная. Інфармацыя будзе ўключаць выявы, якія паказваюць рух расейскіх войскаў і дазволяць вызначаць, ці зьбіраюцца яны перасекчы мяжу.

У артыкуле адзначаецца, што адміністрацыя Байдэна ўсьведамляе, наколькі важная для ўладаў Украіны інфармаванасьць у рэальным часе. Амэрыканскія спэцслужбы ўжо даюць Кіеву доступ да большай колькасьці матэрыялаў, чым да нарошчваньня расейскіх сілаў, паведаміў газэце адзін з суразмоўцаў.

Раней на гэтым тыдні The New York Times пісала, што ўлады ЗША і Вялікая Брытанія «незаўважна» накіравалі ва Ўкраіну экспэртаў, якія павінны дапамагчы Кіеву перадухіліць патэнцыйныя кібэратакі з боку Расеі.

ЗША і іншыя краіны Захаду мяркуюць, што Расея рыхтуе напад на Ўкраіну.

Расейскі бок зьняпраўджвае ўсе паведамленьні аб магчымым уварваньні войскаў на тэрыторыю Ўкраіны. Паводле прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, Масква займае абарончую пазыцыю, баючыся, што Кіеў занадта збліжаецца з NATO.

У пачатку сьнежня адбыліся перамовы Ўладзіміра Пуціна і Джо Байдэна, Байдэн папярэдзіў расейскага прэзыдэнта аб санкцыях супраць Масквы ў выпадку пачатку ваенных дзеяньняў. Пуцін у адказ заявіў аб непрымальнасьці пашырэньня NATO за кошт Украіны. Кіраўніцтва NATO нагадала, што Расея ня мае права вэта на далучэньне да Паўночнаатлянтычнага зьвязу новых краінаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG