Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пасол у Кіеве патлумачыў, чаму ня лічыць мэтазгодным кантакты з МЗС Украіны


Беларускі амбасадар ва Ўкраіне Ігар Сокал

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал заявіў, што ў пэўнай ступені адчувае сваю адказнасьць за тое, што ўкраінскія ўлады не прызналі перамогі Аляксандра Лукашэнкі на выбарах і ня лічаць яго легітымным кіраўніком беларускай дзяржавы.

«Я не магу здымаць зь сябе ніякай адказнасьці, таму што пасол і прызначаны, у першую чаргу, для таго, каб давесьці пазыцыю да кіраўніцтва краіны знаходжаньня актуальнае становішча спраў у Рэспубліцы Беларусь. Але хачу сказаць, што ўсё адбылося дастаткова хутка і ў адзін момант... Хутчэй за ўсё, прычынай сталі ня самі выбары, а ўся сытуацыя, якая напярэдадні разгарнулася з «вагнэргейтам».

«У мяне склалася дакладнае перакананьне, што ўлада Ўкраіны загадзя рыхтавала нейкія шаблёны, каб не прызнаць выбары ў Беларусі і праявіць салідарнасьць з заходнімі краінамі. Таму ў мяне фактычна не заставалася ні часу, ні выбару, каб патлумачыць», — заявіў Ігар Сокал у эфіры тэлеканалу «НАШ».

На пытаньне вядоўцаў, ці падтрымлівае ён кантакты з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Украіны, беларускі пасол адказаў:

«За апошнія паўтара года ў мяне не было нагоды, каб зьвярнуцца ў Міністэрства замежных спраў у тым ці іншым пытаньні. Прасьцей вырашаць пытаньні на рэгіянальным узроўні, зь бізнэсам, з дыяспарай, з народам Украіны, з простымі людзьмі, чым з украінскай уладай».


Вядоўца на гэтым спыніла Ігара Сокала, каб удакладніць, ці правільна яна зразумела, што беларускі пасол увогуле не кантактуе зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітром Кулебам. На гэта Сокал заявіў: «Не. А навошта?»

Ігар Сокал падкрэсьліў, што ніводнага разу не зьвяртаўся ў МЗС Украіны дзеля арганізацыі сустрэчы зь Дзьмітром Кулебам.

«Не было такой неабходнасьці. Я сустракаўся пару разоў з намесьнікам міністра Васілём Боднарам (ён цяпер пасол Украіны ў Турэччыне), мы абмяркоўвалі такія штодзённыя пытаньні. Але пасьля ўсіх заяў украінскай улады, якія былі на мяжы абразаў, тлумачыць, дабівацца, напэўна, некарэктна ў маім выпадку», — патлумачыў ён.

Ігар Сокал таксама перакананы, што, нягледзячы на сацыялягічныя дасьледаваньні, Аляксандар Лукашэнка нібыта «застаецца найбольш папулярным палітыкам ва Ўкраіне».

На пытаньне вядоўцы, ці ёсьць дарога назад, дарога да замірэньня Беларусі і Ўкраіны, Ігар Сокал адзначыў:


«Шляху назад ніколі не бывае. Можна ісьці толькі наперад. Але выйсьце з сытуацыі заўсёды ёсьць. Таму трэба ўсім супакоіцца, у першую чаргу, паглядзець на стан спраў ва ўласнай краіне, ва ўласнай эканоміцы. І спыніць усялякія ўзаемныя абвінавачаньні, абразы», — дадаў ён.


Камэнтуючы пытаньні пра свабоду слова і звальненьні журналістаў з тэлеканалаў у Беларусі, Ігар Сокал падкрэсьліў, што на дзяржаўнай тэлевізіі Беларусі журналісты мусяць падпарадкоўвацца дзяржаўнай ідэалёгіі.

«Ня можаш — не ідзі на працу. Існуе інфармацыйная палітыка. Існуе ідэалёгія дзяржавы, якую ты, выходзячы ў публічную плашчыню, мусіш вытрымліваць і выконваць пэўныя рамкі і правілы. Ты не працуеш на прыватным канале! Я разумею, пра што вы гаворыце. Мы самі ўсе не зь вялікай радасьцю ходзім на сваю працу. Правільна? Я не пра сябе. Але калі ў цябе ўнутраныя перакананьні разыходзяцца з тым, што ты павінен агучваць, ...то трэба прымаць рашэньне, застаесься ты на гэтай працы, на гэтай пасадзе, ці пакідаеш. Гэта таксама, як і ў дыпляматыі. Мяне накіраваў сюды кіраўнік дзяржавы. Я ад яго імя уручаў даверчыя граматы. Хачу я ці не хачу, але я мушу быць прыхільнікам той дзяржаўнай палітыкі, якую дэкляруюць у Рэспубліцы Беларусь. Інакш я мушу пайсьці з гэтай працы», — заявіў Ігар Сокал.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG