Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Беларусі ва Ўкраіне заявіў, што пазыцыя Лукашэнкі наконт Крыму залежыць ад «дзеяньняў Кіева»


Ігар Сокал (у цэнтры)

Пасол Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал заявіў, што пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі наконт статусу анэксаванага Расеяй Крыму залежыць ад стасункаў Лукашэнкі з украінскімі ўладамі.

Аб гэтым дыплямат сказаў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «НАШ», камэнтуючы выказваньні Лукашэнкі аб прызнаньні Крыму «расейскім».

«Пазыцыя прэзыдэнта (краіны Захаду не прызналі перамогу Лукашэнкі. — РС) Рэспублікі Беларусі будзе залежаць ад пазыцыі Ўкраіны. Мы бачым, што Ўкраіна за апошнія паўтара года цалкам радыкалізавалася ў адносінах да Рэспублікі Беларусі, таму ўсе наступныя дзеяньні прэзыдэнта (...) будуць крокамі ў адказ на дзеяньні ўкраінскай улады», — заявіў Сокал.

Ён дадаў, што Беларусь «ніколі ня ставіла пад сумненьне тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны, але трэба зыходзіць з рэальнай палітыкі».

«Прызнае Аляксандар Рыгоравіч або не прызнае, паедзе ён туды (у Крым. — РС) або не паедзе — гэта залежыць толькі ад дзеяньняў украінскай улады», — сьцьвярджае Сокал.

30 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «Крым дэ-факта і дэ-юрэ стаў расейскім» пасьля непрызнанага ААН, ЭЗ, ЗША, Украінай і яе саюзьнікамі «крымскага рэфэрэндуму». Лукашэнка таксама заявіў, што мае намер наведаць Крым і наконт гэтага ёсьць дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што раней не прызнаваў анэксаваны Крым «расейскім» з прычыны Будапэшцкага мэмарандуму.

4 лістапада Лукашэнка казаў Уладзіміру Пуціну, што хацеў бы наведаць Крым.

У жніўні 2021 года Лукашэнка заяўляў, што прызна́е анэксаваны Крым «расейскім», калі «апошні расейскі алігарх» пачне пастаўляць прадукцыю на паўвостраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG