Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь патлумачыла Ўкраіне, што лічыць умяшаньнем у яе ўнутраныя справы


Уладзімір Зяленскі і Аляксадар Лукашэнка

Міністэрства замежных спраў Украіны выклікала прадстаўніка амбасады Беларусі ва Ўкраіне, каб выказаць пратэст у сувязі з удзелам прадстаўніка «расейскай акупацыйнай улады» Крыму ў Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Украіны, на сустрэчу прыйшоў саветнік-пасланьнік беларускай амбасады «ў сувязі з адсутнасьцю амбасадара Беларусі ў Кіеве».

«Украіна лічыць недапушчальнымі такія недружалюбныя крокі беларускага боку, якія ставяць пад сумнеў прыналежнасьць да Ўкраіны акупаваных Расеяй Крыму і Севастопаля», — заявілі ў МЗС Украіны.

У часе сустрэчы ўкраінскі бок таксама ўзьняў пытаньне інцыдэнту са спыненьнем і надглядам аўтамабіля амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма на ўкраінска-беларускай мяжы. Украінскае МЗС дагэтуль не атрымала афіцыйнага тлумачэньня гэтага здарэньня.

Украінскія дыпляматы чарговы раз выказалі занепакоенасьць рэпрэсіямі супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі, катэгарычна адхілілі абвінавачаньні беларускага боку ва ўмяшаньні Ўкраіны ва ўнутраныя справы Беларусі, а ў адчайнай рыторыцы беларускіх чыноўнікаў угледзелі «характэрны для МЗС Расеі эпісталярны жанр».

Што пра гэтую сустрэчу расказалі ў беларускай амбасадзе

У амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне паведамілі, што на сустрэчы ва ўкраінскім МЗС запэўнілі ў прыхільнасьці Беларусі прынцыпу добрасуседзтва ў дачыненьні да Ўкраіны:

«Беларусь ніколі не дапускала ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычныя працэсы Ўкраіны, ня ставіла пад сумнеў сувэрэннае права ўкраінскага народу самастойна вызначаць шлях свайго разьвіцьця».

Беларускія дыпляматы зьвярнулі асаблівую ўвагу на тое, што і Беларусь «не прымае ўмяшаньня ў свае ўнутраныя справы». Паводле іх, публічныя рэкамэндацыі і парады ўкраінскіх афіцыйных асобаў, палітыкаў і дэпутатаў па арганізацыі ўнутрыпалітычнага жыцьця ў Беларусі і яе ўзаемадзеяньня з інтэграцыйнымі аб’яднаньнямі зьяўляюцца некарэктнымі, не адпавядаюць духу добрасуседзтва і расцэньваюцца менавіта як спроба ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь і ўплыву на выбар беларускага народу.

Апроч таго, беларускія дыпляматы падкрэсьлілі, што заявы Вярхоўнай Рады Ўкраіны, Офісу прэзыдэнта, міністра замежных спраў Украіны аб легітымнасьці «прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», сытуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы і заклікі да правядзеньня новых выбараў «не спрыяюць захаваньню даверу ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях і ёсьць спробай умяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі».

«Неразуменьне выклікаюць заклікі асобных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў да згортваньня эканамічнай супрацы Ўкраіны зь Беларусьсю. У выпадку рэалізацыі гэтых безадказных заклікаў пацярпяць працоўныя калектывы беларускіх прадпрыемстваў, а таксама тых прадпрыемстваў Украіны, якія пастаўляюць у Беларусь у рамках цеснай вытворчай каапэрацыі шырокае кола ўкраінскіх тавараў», — падкрэсьлілі ў беларускай амбасадзе.

У амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне паведамілі, што беларускі амбасадар Ігар Сокал сёньня знаходзіўся ў Крапіўніцкім, дзе наведваў аграпрамысловую выставу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG