Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Зяленскі перастане называць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам. Палітоляг тлумачыць, якія будуць наступствы


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага ў Жытоміры, Украіна, 4 кастрычніка 2019 году.
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага ў Жытоміры, Украіна, 4 кастрычніка 2019 году.

«Проста Аляксандар Лукашэнка» — улады Ўкраіны пасьля 5 лістапада больш ня будуць называць яго прэзыдэнтам. У гэты дзень сканчаецца папярэдні тэрмін прэзыдэнта Лукашэнкі. Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітрый Кулеба заявіў, што праведзеная Лукашэнкам інаўгурацыя не азначае яго прызнаньня кіраўніком Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым кантактаў зь Беларусьсю Ўкраіна не перапыняе. Як будуць выглядаць зносіны прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага з проста Аляксандрам Лукашэнкам і як гэта паўплывае на стасункі краінаў? Пра гэта ў эфіры «Настоящего времени» Цімур Алеўскі размаўляе з украінскім палітолягам Уладзімірам Фясенкам.

— Што гэта значыць? Што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перастане пісаць: «Ваша правасхадзіцельства спадар прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка»? Або кантакты паміж Менскам і Кіевам наогул перапыняць? Як гэта будзе?

— Хутчэй, кантакты на найвышэйшым узроўні ўжо перапыніліся. Літаральна ў гэтыя дні павінен быў адбыцца рэгіянальны форум Украіны і Беларусі — Форум рэгіёнаў. У папярэднія гады гэта была пляцоўка для сустрэчы двух прэзыдэнтаў. Гэта было пазалетась у Беларусі, летась — ва Ўкраіне, у Жытомірскай вобласьці. Дарэчы, тады сустрэліся Зяленскі і Лукашэнка.

Цяпер кантакты перапыненыя на няпэўны час. Я думаю, што, магчыма, гэтая паўза можа зацягнуцца. Гэта будзе менавіта паўза ў кантактах на найвышэйшым узроўні, пакуль ня будзе ўрэгуляваны цяперашні беларускі палітычны крызіс. А дыпляматычныя адносіны захаваюцца.

Наша Міністэрства замежных спраў — цяпер там таксама складаная сытуацыя, таму што былі парушаныя міжнародныя канвэнцыі ў адносінах да нашага пасла. Але ён вярнуўся ў Менск, прадстаўляе там інтарэсы Ўкраіны, гэтак жа працуе беларускае пасольства ў Кіеве. Так што працоўныя кантакты захоўваюцца, але на найвышэйшым узроўні паўстала няпэўная паўза.

— Ці можа гэта мець нейкія эканамічныя наступствы? Ці можа Беларусь чымсьці адчувальным адказаць? Або, як вам здаецца, беларускія чыноўнікі і сам Лукашэнка проста гэтага не заўважаць?

— Не, я думаю, нейкая рэакцыя з боку Лукашэнкі будзе, як гэта было раней, калі ўжо былі такія дыпляматычныя дэмаршы з украінскага боку. Для Ўкраіны сапраўды гэтая сытуацыя вельмі складаная. Напэўна, гэта самы сур’ёзны крызіс у двухбаковых адносінах, і нэгатыўныя палітычныя наступствы ў выглядзе замарожваньня кантактаў на найвышэйшым узроўні ўжо ёсьць. Можа быць і горш — у тым выпадку, калі актывізуюцца працэсы стварэньня саюзнай дзяржавы паміж Расеяй і Беларусьсю і калі на паўночнай мяжы Ўкраіны, украінска-беларускай мяжы, зьявяцца расейскія вайскоўцы. Гэта самы нэгатыўны сцэнар.

Эканамічныя адносіны захаваюцца, хоць тут таксама магчымыя нейкія крызісныя тэндэнцыі.

— Тут ёсьць адзін нюанс. Ці можна выказаць здагадку, што ў офісе прэзыдэнта Зяленскага разважаюць прыкладна так: калі сьвет не дацісьне Лукашэнку правесьці сумленныя выбары, то расейскія вайскоўцы на мяжы з Украінай так ці іначай зьявяцца, таму выбар цяпер толькі адзін. Ці так не разважаюць?

— Менавіта ўлічваючы рызыкі рэзкага нахілу беларускага кіраўніцтва ў бок Расеі, Украіна займала больш гнуткую пазыцыю ў стаўленьні да беларускага крызісу і ў адносінах да Лукашэнкі, напрыклад, у параўнаньні з Польшчай і Літвой. Але цяпер сытуацыя такая, да таго ж былі дэмаршы вельмі рэзкія, нэгатыўныя выказваньні ў адрас Украіны і з боку самога Лукашэнкі, і іншых беларускіх кіраўнікоў, таму стала зразумела: з гэтага крызісу нармальнага выхаду ў палітычным сэнсе ня будзе. Таму Ўкраіна далучылася да тых крытычных дзеяньняў адносна непрызнаньня беларускіх выбараў. Гэты крызіс ужо зайшоў досыць далёка.

Але ў эканамічных адносінах, я думаю, усё ж такі абодва бакі паспрабуюць не дапусьціць іх рэзкага пагаршэньня, таму што нэгатыўныя наступствы могуць быць для абодвух бакоў. У нас ёсьць рызыкі па нафтапрадуктах і дызэльным паліве. Але ў двухбаковых эканамічных адносінах ёсьць дысбалянс на карысьць Беларусі.

— Гэта значыць, сальда адмоўнае для Ўкраіны?

— Так. Таму для Беларусі нявыгадна скарачаць гандаль з Украінай. Таму, я думаю, абодва бакі тут будуць дзейнічаць больш акуратна і больш прагматычна.

— Ці могуць потым Уладзіміру Зяленскі гэта нагадаць як нэгатыў ці гэта будзе яму запісана ў плюс у кантэксьце маючых адбыцца выбараў і іншага?

— Не, я думаю, што на ўнутраную сытуацыю гэта асабліва не паўплывае. Хоць скажу такую парадаксальную рэч: да падзей апошніх месяцаў Лукашэнка быў, напэўна, самым папулярным замежным дзяржаўным дзеячам ва Ўкраіне. З розных прычын. Ён не ўспрымаўся канфліктным, як Пуцін, ну і быў нейкі міт аб шчасьлівай, спакойнай, стабільнай дзяржаве Беларусі.

— Што стала з гэтым мітам цяпер?

— Ён у значнай меры выкрыты. Стаўленьне да беларускіх падзеяў неадназначнае. І гэта залежыць, хутчэй, ад палітычнай пазыцыі простых украінцаў. Калі яны, напрыклад, настроены па-прарасейску, то яны на баку Лукашэнкі, як і прарасейскія палітычныя сілы ва Ўкраіне. Яны нават спрабавалі ў нашай Вярхоўнай Радзе праводзіць акцыі ў падтрымку Лукашэнкі. Калі ж людзі настроеныя па-праэўрапейску, па-праўкраінску і падтрымліваюць дэмакратычныя стандарты, то яны, вядома, крытычна ўспрымаюць цяперашнія падзеі ў Беларусі.

— Ці можаце назваць прозьвішчы людзей, якія ў парлямэнце [выступалі] за Лукашэнку?

— Гаворка ідзе пра прадстаўнікоў Апазыцыйнай плятформы «За жыцьцё» — Медзьведчука, Рабіновіча. Гэтыя дэпутаты нават плякаты вывешвалі ў падтрымку Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG