Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Нямеччыны ў Кіеве не чакае маштабнай апэрацыі Расеі супраць Украіны


Анка Фэльдхузэн

Паводле Анкі Фэльдхузэн, эўрапейскія палітыкі паслалі правільныя сыгналы Маскве. Да таго ж далейшага нарошчваньня расейскіх войскаў на мяжы з Украінай не назіраецца, патлумачыла яна.

Пра гэта інфармуе DW.

Пасол ФРГ ва Ўкраіне Анка Фэльдхузэн лічыць малаверагоднай буйнамаштабную ваенную апэрацыю Расеі супраць Украіны:

«Выразныя словы эўрапейскіх палітыкаў і своечасовая каардынацыя паслалі правільныя сыгналы ў кірунку Масквы. За апошнія тыдні мы таксама ня бачым значнага нарошчваньня войскаў на мяжы Расеі з Украінай. Таму я лічу малаверагоднай магчымасьць маштабнага нападу з боку Расеі», — напісала Фэльдхузэн у апублікаваным у чацьвер, 23 сьнежня, электронным пасланьні грамадзянам Нямеччыны, якія жывуць ва Ўкраіне.

Нямецкі пасол у той жа час падкрэсьліла, што гэтак жа, як і партнэры, яна з усёй сур’ёзнасьцю ставіцца да дзеяньняў Расеі. «У гэтай сытуацыі важна дэманстраваць спакой, разважлівасьць і пільнасьць», — указала яна, адзначыўшы, што менавіта гэта і дэманструе фэдэральны ўрад.

Асьцярогі з нагоды магчымай вайны

Ужо на працягу многіх тыдняў узмацняюцца асьцярогі наконт таго, што Расея, магчыма, рыхтуецца да ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны. Эўразьвяз і NATO прыгразілі Маскве самымі жорсткімі санкцыям. Расея адхіляе абвінавачаньні ў падрыхтоўцы да вайны і са свайго боку абвінавачвае Захад ва ўзбройваньні Ўкраіны і правядзеньні манэўраў каля расейскіх межаў.

На мінулым тыдні Масква перадала NATO, ЗША і іх саюзьнікам прапановы аб гарантыях бясьпекі для Расеі. Сярод іншага яны прадугледжваюць адмову NATO ад прыёму ў свой склад Украіны. Прапановы Расеі, паводле Крамля, з пачатку студзеня будуць абмяркоўвацца з ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG