Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO паведамляе, што Расея працягвае перакідваць войскі да межаў Украіны


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, Брусэль, 16 сьнежня 2021
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, Брусэль, 16 сьнежня 2021

Расея, паводле зьвестак NATO, працягвае перакідваць свае сілы да межаў з Украінай. Пра гэта генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг заявіў сёньня ў Брусэлі, паведамляе DW.

«Мы бачым, што яны паступова сьцягваюць усё больш і больш сілаў — артылерыю, баявыя падразьдзяленьні, танкі — да ўкраінскай мяжы», — заявіў ён.

Нягледзячы на міжнародныя заклікі да празрыстасьці і дээскаляцыі — «несправакаванае і невытлумачальнае» нарошчваньне вайсковай моцы працягваецца, адзначыў Столтэнбэрг.

Столтэнбэрг хацеў бы склікаць Раду NATO-Расея ў пачатку 2022 году

Генэральны сакратар дадаў, што для абмеркаваньня напружанай сытуацыі хацеў бы склікаць у пачатку наступнага году пасяджэньне Рады NATO-Расея. Аднак, паводле зьвестак інфармагенцтваў, пакуль застаецца незразумелым, ці гатовая Масква да такіх кансультацый. Да гэтага перамовы ў фармаце Рады NATO-Расея праходзілі ў ліпені 2019 году. З таго часу ўсе спробы прызначыць новую дату правальваліся, паколькі ў Крамлі адмаўляюцца ў такім фармаце абмяркоўваць сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны.

Намесьнік кіраўніка МЗС РФ Аляксандр Грушко, камэнтуючы ініцыятыву кіраўніка Паўночнаатлянтычнага альянсу, заявіў 21 сьнежня, што Масква гатовая разгледзець магчымасьць скліканьня Рады NATO-Расея ў выпадку, калі будзе рэакцыя па сутнасьці на прапановы Масквы ў сфэры бясьпекі.

«Калі дзеля справы спатрэбіцца, то чаму б і не? Але для гэтага патрэбная рэакцыя па сутнасьці нашай ініцыятывы. Калі зноў гэта будзе запрашэньне пагаварыць пра Ўкраіну, тады ніякага сэнсу няма», — сказаў Грушко, якога цытуе «Коммерсант».

Сьцягваньне расейскіх войскаў да ўкраінскай мяжы

У кастрычніку сталі паступаць паведамленьні аб сьцягваньні расейскіх войскаў да мяжы з Украінай. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што каля яе мяжы разьмешчана да 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Намесьніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд выказала меркаваньне, што Расея можа ўварвацца ва Ўкраіну ў пачатку 2022 году. ЗША і іншыя краіны Захаду прыгразілі РФ самымі жорсткімі санкцыямі на выпадак такога сцэнару.

Масква ўвесь час абвяргае інфармацыю аб тым, што рыхтуе ўварваньне ва Ўкраіну і са свайго боку абвінавачвае NATO ва ўзбраеньні Кіева і правядзеньні манэўраў каля межаў Расеі. 21 сьнежня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін усклаў на ЗША адказнасьць за ўзмацненьне напружанасьці ў Эўропе.

Расея запатрабавала выключыць далучэньне Украіны да NATO

На мінулым тыдні Расея запатрабавала выключыць далучэньне Украіны да NATO і прапанавала альянсу адмовіцца ад вядзеньня ваенных дзеяньняў у краінах, якія суседнічаюць з Расеяй. Адпаведныя палажэньні МЗС РФ уключыла ў праект дамовы аб бясьпецы, які быў накіраваны ў Вашынгтон. ЗША заявілі, што дыялёг з Масквой аб гарантыях бясьпекі магчымы толькі ва ўмовах дээскаляцыі каля межаў Украіны і ў каардынацыі з эўрапейскімі саюзьнікамі і партнэрамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG