Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў перамог каранавірус


Беларусь выйшла на новы ўзровень перамогі над каранавірусам – цяпер на самаізаляцыю мусіць сыходзіць толькі той чалавек, у якога пацьвердзіўся каранавірус. Усе кантактныя асобы павінны працягваць жыць звычайным жыцьцём – хадзіць на працу, разносіць каранавірус, заражаць навакольных. Вось захварэў ваш муж, зь якім вы жывяце ў адной кватэры і сьпіце ў адным ложку, – і нічога. Вам жа чаго дома сядзець?

Гэтая лёгіка тлумачыцца двума фактарамі. Па-першае, эканамічным: калі асоба ў самаізаляцыі, ёй трэба аплочваць бальнічны, а такія выдаткі ў дзяржавы ну ніяк не ў прыярытэце. Зрэшты, як і здароўе грамадзян. Па-другое, псыхалягічны: Лукашэнка ўжо амаль два гады змагаецца і пэрыядычна перамагае пандэмію, якой быццам бы няма. Вось і зноў перамог! Залішняя сьмяротнасьць, сьведчаньні мэдыкаў пра рэальную сьмяротнасьць ад ковіду ў лякарнях для ўладаў не адыгрываюць вялікай ролі. Лукашэнка сказаў, што ўсё ў парадку, значыць, так і ёсьць.

Паводле новых правілаў, цяпер для кантактаў першага і другога ўзроўню не прадугледжана самаізаляцыя незалежна ад якіх-кольвек сымптомаў у іх. Пэўна, ёсьць тут і трэці фактар – у Беларусі маскі неабавязковыя, і мэдыкі апошнімі тыднямі кажуць пра ўсплёск захворваньняў на грып, асабліва сярод дзяцей. Такім чынам, цяпер дактары перагружаныя яшчэ і гэтымі пацыентамі і пацыенткамі. Мэдычная сыстэма зноў не спраўляецца? Тады трэба было б абвясьціць надзвычайнае становішча, стварыць новую часовую сыстэму фільтрацыі выклікаў хуткай дапамогі, абмежаваць аказаньне плянавай мэдычнай дапамогі і, што самае галоўнае, – прызнаць праблему.

Але гэта ж ня той метад барацьбы з крызісамі, да якога звыклі ўлады ў Беларусі. Ім больш да душы ігнараваць рэальнасьць і рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, А каб людзі дакладна паверылі, што няма пра што хвалявацца, чыноўнікі прымаюць новыя абсурдныя нормы.

Быццам нічога новага ў гэтым падыходзе няма, і зьдзіўляцца нам няма чаму, але трэба працягваць фіксаваць злачынствы ўладаў. Яны зноў пракалоліся і пацьвердзілі сваімі дзеяньнямі, што ковідныя абмежаваньні, створаныя для беларускіх грамадзянак і грамадзянаў на сухаземнай мяжы, маюць выключна палітычны характар і ніяк не зьвязаныя з пандэміяй.

У сьнежні 2020 на сухаземнай мяжы Беларусі ўвялі новыя абмежаваньні – выехаць з краіны можна толькі раз на шэсьць месяцаў і штораз для гэтага мусіць быць пэўная прычыны (праца, вучоба, пахаваньне блізкага чалавека ды інш.). Гэта таксама быў геніяльны беларускі падыход да барацьбы з пашырэньнем каранавірусу. Пакуль іншыя краіны закрывалі ўезд, нашая была гатова прымаць каго заўгодна, але сваіх грамадзянак і грамадзян адмаўлялася выпускаць за мяжу. Праўда, толькі па зямлі. Праз аэрапорт можна было хоць штодзень выбірацца за жалезную заслону.

Зараз гэтае правіла зьмякчылі, выяжджаць можна раз на тры месяцы. Але яго не скасавалі, што было б лягічна зрабіць разам з адменай самаізаляцыі для ўсіх кантактаў. Раз улады настолькі не баяцца каранавірусу, што ўсяляк спрыяюць яго распаўсюду, чаму б не адкрыць нарэшце межы?

Адказ вельмі просты: аніводная з усіх гэтых мераў ніяк не зьвязаная з пандэміяй і распаўсюдам каранавірусу. Улады проста зьдзекуюцца зь людзей. Проста таму што могуць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG