Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён мяне справакаваў і я даў поўху». Падрабязнасьці інцыдэнту ля амбасады Беларусі ў Лёндане


Амбасада Беларусі ў Лёндане, архіўнае фота

19 сьнежня ў Лёндане праходзіла традыцыйная акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітычнымі вязьнямі. Паводле дамовы з паліцыяй пратэст супраць дзеяньняў беларускай улады можна было выказваць каля амбасады з 13:30 да 15:30.

Арганізатары ўпэўніваюць, што акцыя прайшла мірна, скончылася нават раней заплянаванага часу.

«Што здарылася пад амбасадай потым, праз чатыры гадзіны, — нам невядома, адказнасьці за гэта мы ня можам несьці», — паведаміў Свабодзе арганізатар акцыі Аляксандар Петухоў.

«На консула напалі, нанесьлі сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні»

Паводле заявы МЗС Беларусі, увечары 19 сьнежня група асобаў сапсавала фасад будынку амбасады ў Лёндане, а потым напала на беларускіх дыпляматаў. «Аднаму зь іх былі нанесены сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні, спатрэбілася тэрміновая мэдычная дапамога. Ва ўстанове аховы здароўя дыягнаставалі пералом носа, страсеньне мозгу лёгкай ступені і траўматычны пералом зуба», — заявіла ведамства.

Паліцыя Лёндану паведаміла Свабодзе: «Паліцыю выклікалі каля 19:40 у нядзелю, 19 сьнежня, паведамленьнем аб парушэньні парадку каля амбасады Беларусі ў раёне W8. Супрацоўнік паведаміў, што на яго напалі і ён атрымаў пашкоджаньне на твары. Адзін чалавек быў арыштаваны непадалёк і ўзяты пад варту. Высьвятленьне абставінаў працягваецца».

МЗС заявіў, што пацярпеў консул, ён трапіў у шпіталь. «Частку нападнікаў затрымала дыпляматычная паліцыя Лёндану. Вызначана, што гэтыя асобы, як мяркуецца, уваходзяць у радыкальную эмігранцкую групоўку „Надзея“», — гаворыцца ў заяве МЗС.

«У мой бок быў паток нецэнзурнай лексыкі, я не стрымаўся»

Арцём (імя зьмененая для бясьпекі сваякоў чалавека, якія знаходзяцца ў Беларусі. — РС) — той самы чалавек, які ўдзельнічаў у канфлікце і быў затрыманы паліцыяй. Ён нарадзіўся ў Беларусі, з 1999 году жыве ў Вялікай Брытаніі, яе грамадзянін. Арцём расказаў Свабодзе акалічнасьці здарэньня.

«Днём каля амбасады Беларусі была традыцыйная акцыя. Мая асабістая ініцыятыва была купіць яршок для туалету і гігіенічны сродак. На іх я напісаў па-ангельску „Зубная паста“ і „Зубная шчотка“. Гэтыя рэчы я паставіў каля ўваходу ў амбасаду. Пазьней, калі ля амбасады ўжо нікога наагул не было, мы з таварышамі кінулі ў амбасаду некалькі яек. Яшчэ пазьней празь нейкі час я з таварышамі вырашыў падысьці да амбасады і праверыць — ці стаяць тыя рэчы на месцы. Рэчаў не было, але побач знаходзіліся чатыры чалавекі. Тыя, хто стаялі там, хутчэй за ўсё, — супрацоўнікі амбасады. Я спытаўся ў іх: „Ну што, пачысьцілі зубы?“ — і пачаўся канфлікт. Яны пачалі агрэсіўна выказвацца ў мой бок, быў паток нецэнзурнай лексыкі. Яны ўзгадвалі маіх бацькоў з матамі, маўляў: „Хто цябе так выхаваў?“. І казалі, што мы хочам прадаць краіну Захаду. Потым я счапіўся з адным на сярэдзіне вуліцы. Зноў быў паток нецэнзурнай лексыкі ў мой бок. Праўда, я таксама не маўчаў і таксама матамі адказваў. Потым я не ўстрымаўся і даў аднаму поўху», — распавёў Арцём.

Яршок для туалету і гігіенічны сродак пад дзьвярыма амбасады
Яршок для туалету і гігіенічны сродак пад дзьвярыма амбасады

Празь некалькі хвілін яго затрымала паліцыя. «Калі я стаяў у атачэньні паліцыі, з амбасады выйшаў чалавек, якога я раней ня бачыў. У яго быў разьбіты твар. Ня ведаю пра зубы, але ён не хістаўся, ішоў роўна. Пра яго менавіта і сказалі, што нібыта я яго пабіў. Я біў, але іншага, ня гэтага чалавека», — дадаў Арцём.

У паліцыі ён правёў 21 гадзіну з 24 дазволеных пры затрыманьні. Ураджэнца Беларусі дапытвалі ў прысутнасьці адваката. «У гэты момант ідзе сьледзтва, справа распачатая за „дробнае хуліганства“. Мне пагражае папярэджаньне ці штраф», — дадаў Арцём.

Дакумэнт, атрыманы пасьля вызваленьня
Дакумэнт, атрыманы пасьля вызваленьня

Ён кажа, што верыць у аб’ектыўнасьць брытанскай паліцыі і не зьбіраецца нідзе хавацца. «Адзіны мой клопат — каб консульскія работнікі не даведаліся маіх зьвестак і не пачалі перасьледаваць маіх блізкіх у Беларусі», — кажа Арцём.

«Звычайна работнікі амбасады не выходзяць, хіба што паліцыю выклікаюць»

Арганізатарам нядзельнай акцыі ў Лёндане быў, як ён сам кажа, Аляксандар Петухоў. Ён ужо 16 гадоў жыве ў Вялікай Брытаніі і зазначае, што зьехаў туды не з палітычных матываў.

Акцыю праводзілі па ўзгадненьні з паліцыяй з 13:30 да 15:30. «Мы раней скончылі і сышлі. Усе разышліся, я зьняў камізэльку арганізатара — і я больш не арганізатар. Так, у часе акцыі прыяжджала паліцыя. Бо супрацоўнікі амбасады яе заўсёды выклікаюць — як толькі ўбачаць нас. Паліцыянты апыталі мяне, узялі мае кантакты і зьехалі, бо ўсе было мірна. Наколькі я ведаю, супрацоўнікі амбасады, калі бачаць, што нешта адбываецца, на іхную думку, незаконнае, мусяць быць у будынку, выклікаць паліцыю і не выходзіць, каб нікога не правакаваць», — дадаў Аляксандар Петухоў.

Ён дадаў, што арганізатары акцыі і мірныя беларусы, якія там былі, не нясуць адказнасьці за ўсё, што здарылася праз чатыры гадзіны пасьля акцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG