Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёплая ежа раз на дзень і заляцаньні ахоўнікаў. Прыгоды беларускі ў нямецкіх лягерах для мігрантаў


Ежа ў нямецкім лягеры для ўцекачоў
Ежа ў нямецкім лягеры для ўцекачоў

Дзяўчына выехала ў Нямеччыну і папрасіла там палітычнага прытулку. Яна расказала Свабодзе, у якіх умовах жыве і праз што даводзіцца праходзіць.

Вольга (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) апынулася за мяжой празь перасьлед у Беларусі. Дзяўчына спачатку ўцякла ў Польшчу, а потым у Нямеччыну. Ужо там даведалася, што на яе ў Беларусі заведзеная крымінальная справа. Тады Вольга падала заяву на палітычнае прыстанішча ў Нямеччыне, але працэдура разгляду так зацягнулася, што ёй давялося прайсьці празь некалькі мігранцкіх лягераў. Цяпер дзяўчына просіць добраахвотнай дэпартацыі ў Польшчу.

«Ну нічога, не памрэш»

Першым лягерам, куды трапіла Вольга, быў Карлсруэ.

«Мяне там пакінулі на карантыне, хоць я вакцынаваная ў Нямеччыне і ў мяне быў адмоўны тэст. Два тыдні мяне не выпускалі з пакоя, можна было толькі выходзіць у душ і туалет. Нельга было спусьціцца, каб памыць свае рэчы, хоць там ёсьць пральныя машыны. Даводзілася мыць рукамі ў агульных душавых. Там было жудасна брудна, уся падлога ў лужынах незразумелай жыжы. Прыбіральні і рукамыйнікі ўсе брудныя, у душавой проста тырчыць шлянг і кнопка, на якую трэба ўвесь час ціснуць локцем, інакш вада выключыцца праз 5 сэкундаў», — распавядае Вольга.

Прыбіральня ў лягеры
Прыбіральня ў лягеры

Вольга жыла зь дзяўчатамі з Тунісу і Грузіі ў пакоі на чатырох.

«У нас не было вакна, толькі бальконныя дзьверы, а за імі не балькон, а проста загарадка. Дзьверы не зачынялася цалкам; калі быў вецер, яны адчыняліся, мы спрабавалі падперці іх валізкай ці заплечнікам, але нам пастаянна дзьмула ў сьпіны».

Ежу жыхарам лягеру прыносілі 3 разы на дзень, але былі ў асноўным булкі і кансэрвы, падлівы, усё вельмі прыпраўленае, кажа Вольга.

«Цёплую ежу давалі толькі адзін раз днём. Раніцай два маленькія пакецікі распушчальнай кавы. Але, каб нагрэць ваду, трэба было ісьці ў душавыя і наліваць з-пад крана гарачую, бо кіпеню не давалі. Ад гэтай вады і ежы мне вельмі моцна балеў жывот. У мяне ёсьць праблемы са страўнікам, таму я ела вельмі рэдка».

Ежа ў лягеры
Ежа ў лягеры

Таксама перад засяленьнем усе праходзяць мэдычны агляд, але дактарам, папраўдзе, усё роўна, ці ёсьць у чалавека хваробы, сьцьвярджае Вольга.

«Табе проста робяць рэнтген, пытаюцца, ці ёсьць нейкія страшныя захворваньні. Я сказала што ў мяне ёсьць, мне трэба піць заспакаяльныя лекі альбо снатворнае, бо ў мяне парушэньні сну. Ну і праблемы са страўнікам. На гэта мне адказалі: „Ну нічога, не памрэш“. І калі раптам табе вельмі дрэнна, то да лекара ня трапіш, бо ён ня кожны дзень у кампусе, нават у свой працоўны час».

«У пакоі было вельмі шмат прусакоў»

Для далейшых працэдур дзяўчыну накіравалі ў іншы лягер у Баварыі, у Цырндорфе, бо там ёсьць экспэрты па Беларусі. Пра пераезд Вольгу загадзя не папярэдзілі.

«Мне далі квіток на цягнік, і неяк я сама даехала, бо ведала нямецкую. Калі я прыбыла ў новы лягер, выявілася, што ніхто не папярэдзіў адміністрацыю, што я павінна прыехаць. Ахоўнікі былі арабы і сырыйцы, яны размаўлялі на нямецкай горш, чым я, і проста не разумелі мяне. Мяне зноў пасадзілі на карантын, хоць я яго адбыла ў папярэднім лягеры, маючы вакцыну і адмоўны тэст».

Перад засяленьнем дзяўчыну абшукалі і хацелі канфіскаваць яе грошы.

«У мяне было больш грошай, чым можа мець уцякач (200 эўра), яны хацелі іх цалкам канфіскаваць, але я пачала плакаць, у мяне была сапраўдная гістэрыка, бо, каб зарабіць гэтыя грошы, я ў Беларусі працавала на дзьвюх працах. Яны таксама забралі мой стары пашпарт. Мяне пасялілі ў вельмі маленькі пакой з двума двух’яруснымі ложкамі, як нары мэталічныя ў турме. Другі ярус так нізка, што на першым сядзець немагчыма, толькі ляжаць».

Вольга кажа, што ў яе не было фіранак і за ёй пастаянна праз вакно сачылі іншыя мігранты, што жылі ў вагончыку на вуліцы.

«Туалет і ванны сумешчаныя, заўсёды занятыя. Я не магла па 3 гадзіны зайсьці туды. Кармілі адзін раз на дзень апоўдні. Але гародніна і садавіна, што нам давалі, загнівалі на наступны дзень, нават незразумела, якой яны былі якасьці. У пакоі было вельмі шмат прусакоў. Матрасы і бялізна брудная, на ёй хтосьці ўжо спаў. Коўдру даюць танюсенькую, і цяпер пад ёй вельмі холадна».

Набор прадуктаў на дзень
Набор прадуктаў на дзень
Такія наборы выдавалі для гігіены
Такія наборы выдавалі для гігіены

Заляцаньні ад ахоўніка

Празь некаторы час да дзяўчыны пачаў вельмі настойліва заляцацца ахоўнік, які ня стаў канфіскоўваць у яе грошы пры засяленьні.

«Спачатку я думала, што гэта з добразычлівасьці і жаданьня дапамагчы, але потым ён зазіраў у маю мэдыцынскую карту, правяраў, куды я іду, з кім размаўляю. Пазьней папрасіў мой нумар тэлефона. Нібыта каб мяне папярэдзіць (мне павінен быў прыйсьці ліст). Але ён пачаў мне актыўна пісаць, што хоча бліжэй пазнаёміцца. Я вельмі моцна спалохалася, прыгадала, як шмат было выпадкаў згвалтаваньняў у такіх кампусах у Нямеччыне. Я ніколі не была ў такой сытуацыі і ня ведала, што рабіць, я баялася скардзіцца, бо гэты ахоўнік быў начальнікам усёй аховы і мог мне стварыць сапраўды пякельнае жыцьцё, ён і так кантраляваў кожны мой рух у лягеры».

Вольга расказала пра дамаганьні сацыяльнаму работніку.

«Я паказала работніку паведамленьні, што мне дасылаў ахоўнік. Яна вельмі моцна раззлавалася, сказала, што яны летась памянялі ахову за тое, што менавіта ў гэтым кампусе было шмат выпадкаў згвалтаваньня. Я была зусім адна там: ні мужа, ні брата, ні дзіцяці. Мяне не было каму абараніць, і менавіта з адзіночкамі больш за ўсё здараецца гвалту. Тая жанчына, сацыяльная работніца, мне вельмі дапамагла, бо яна зрабіла ўсё, каб ахоўнік не пачаў мне помсьціць. Яна дапамагла мяне перавесьці ў іншы лягер».

«Інспэктар пытаўся, чаму Лукашэнка толькі цяпер вырашыў забіраць людзей за леташнія пратэсты»

Пасьля гэтага выпадку Вольгу перавялі ў Нюрнбэрг, дзе ўмовы былі нашмат лепшымі.

«У нас была нармальная лядоўня, кухня, прусакоў не было. Душ і туалет толькі на нас дваіх з суседкай. Умовы былі лепшыя, але мне трэба было праходзіць афіцыйную падачу дакумэнтаў наноў. У мяне забралі другі пашпарт, у якім былі штампы аб ануляваньні (ён быў мне патрэбен, бо ў ім былі дзейныя візы). Калі ў мяне яго знайшлі, мне не верылі, што гэта ня дзейны дакумэнт. Яны не хацелі слухаць мяне і дапытвалі, дзе мой сапраўдны пашпарт; яны не слухалі, што ён застаўся ў іншым лягеры. Атрымліваецца, мае дакумэнты за тры тыдні так і не адправілі ў новы лягер і не папярэдзілі адміністрацыю».

У гэтым лягеры зь дзяўчынай размаўлялі экспэрты ў Беларусі, якія нават ня ведалі, што ў беларусаў усяго адзін пашпарт, няма замежнага ці id-карты, як у грамадзян Эўразьвязу, абураецца Вольга.

«Гэты экспэрты ня ведалі, дзе знаходзіцца і які правільны нумар пашпарта. На інтэрвію на падачу дакумэнтаў мне задалі мінімальныя пытаньні: як вы выехалі, якая прычына падачы на статус уцекача. Яны напісалі гэта ў дакумэнце, але калі мы з перакладчыцай пачыталі, то я адмовілася ўсё гэта падпісваць, таму што там было ня тое, што я апавядала, яны ўсе даты напісалі іншыя. Мы настаялі, каб усе перарабілі».

Дзяўчыну спачатку запэўнілі, што цалкам разумеюць, якая цяпер сытуацыя ў Беларусі, але калі дайшло да разбору справы, усё аказалася іначай.

«На другім, галоўным інтэрвію інспэктар пачаў задаваць мне пытаньні, як такое магчыма, што абвінавачаньне выставілі за падзею, якая была год таму. Ён мне ня верыў, пачаў пытацца, чаму Лукашэнка толькі цяпер вырашыў забіраць людзей за леташнія пратэсты. У мяне былі доказы, дакумэнты, пратаколы. І гэта экспэрт у Беларусі! Ён так і сказаў: „Хіба могуць даваць якія-небудзь крымінальныя справы ў Беларусі?“. Уся вось гэтая іх падтрымка беларускай дэмакратыі, уся гуманнасьць — толькі на словах, а на справе яны лічаць, што ў Беларусі не выбухаюць бомбы на кожным кроку і таму ўсё нармальна. Сем з паловай гадзін вось гэтага допыту, гэтага пекла».

«У Caritas я апісвала свае ўмовы ўтрыманьня тэрмінам „Untermensch“ (недачалавек)»

Пасьля галоўнага інтэрвію з інспэктарам, Вользе прыйшла адмова ў палітычным прытулку ў Нямеччыне паводле Дублінскага пагадненьня. Паколькі дзяўчына прыехала па польскай візе, яна мусіла падавацца на прыстанішча ў Польшчы, пра што яна ня ведала.

«Мне сказалі, што я магу падаць апэляцыю, але калі ты не вядомы палітычны актывіст, то шанцаў вельмі мала. Тады я запрасіла добраахвотную дэпартацыю ў Польшчу. Бо я столькі нэрваў змарнавала, я не хачу больш нічога. Каб зарабіць на квіткі ў Польшчу, я мыла жахліва брудныя пакоі іншых мігрантаў. Уладкавацца на афіцыйную працу было нельга, а так я магла хоць трохі зарабіць».

Вольга ведае выпадкі, калі людзі па 5 месяцаў чакалі дазволу на добраахвотную дэпартацыю.

«Калі я пайшла да сацыяльнага работніка, яны сказалі, што могуць мяне дэпартаваць у маю краіну. А калі ў Польшчу, давядзецца перарабляць усе дакумэнты нанова, то бок інтэрвію было бескарысным, яны паміж сабой ніякімі зьвесткамі не абменьваюцца. Мяне некалькі разоў накіроўвалі да работнікаў, хто займаецца гэтымі пытаньнямі, але яны не падымаюць трубку нават у свае працоўныя гадзіны. Я датэлефанавалася толькі з шостага разу, і мне далі іншы нумар».

Вольга ўсё ж пагутарыла з супрацоўнікамі ў справах дэпартацыі. Дзяўчына папрасіла добраахвотна вярнуцца ў Польшчу, бо яе псыхалягічны стан на мяжы.

«Мне сказалі, што рашэньне зойме каля двух тыдняў. Але потым я даведалася, што мяне зноў перасяляюць у іншы горад. Цяпер я ў глухой вёсцы. Каб трапіць у краму, трэба ісьці больш за кілямэтар па праезнай частцы праз поле. Калі мяне пасялілі, у мяне быў шок і гістэрыка, я не магла датэлефанавацца свайму інспэктару. Каб пачаць працэдуру з дакумэнтамі, памяняць адрас, мне трэба было ехаць у іншы горад, але дабрацца туды немагчыма, толькі калі пешшу 4,5 гадзіны, бо транспарт ня ходзіць».

Калі дзяўчына зьвярнулася да сацыяльнага работніка, ёй параілі заплаціць мігранту з Сырыі, у якога ёсьць машына, і ён яе завязе ў іншы горад, каб зьмяніць адрас у дакумэнтах.

«Калі я туды дабралася, мне сказалі, што ніхто нічога ня можа зрабіць, мне трэба тэлефанаваць майму былому інспэктару. Гэта значыць, што супрацоўнікі ў сваёй жа сыстэме ўнутры нічога адзін аднаму не паведамляюць. Атрымліваецца, мяне перасялілі — і ўсё трэба зноўку пераафармляць. Гэта нейкі зьдзек. Тут быццам падтрымліваюць добраахвотную дэпартацыю, але ў выніку ня могуць вырашыць, ці можна добраахвотна зьехаць».

Цяпер за дзяўчыну адказвае інспэктарка Бамбэргу, якая лічыць, што Вольга ня можа дабраахвотна дэпартавацца.

«Мне кажуць, што я мушу чакаць, пакуль мне арганізуюць канвой паліцыі, зь якім павязуць за кратамі мяне ў аэрапорт, быццам я нейкая злачынца».

Дзяўчыну некалькі месяцаў перакідваюць зь лягера ў лягер, і яна ў роспачы.

«Я не магу разьбірацца з дакумэнтамі, бо аўтобусы ня ходзяць. Іншыя мігранты не пускаюць мяне ў туалет. Тут нельга выклікаць лекара, калі будзе вельмі дрэнна; я нават ня ведаю, да каго зьвярнуцца ў выпадку чаго. Тут заўсёды вельмі шумяць начамі, а ў мяне і так парушэньні сну. Мне страшна выходзіць з пакоя, тут яшчэ і на вуліцы няма дзе пагуляць. Я хачу, каб гэта хутчэй скончылася. Я больш не магу, я не хачу жыць. Я нават пісала ў Caritas, апісвала свае ўмовы ўтрыманьня тэрмінам, які яны вельмі не любяць, — „Untermensch“ (недачалавек). Тут, калі нешта здарыцца, калі хтосьці ўломіцца да мяне з суседзяў, мне няма каму будзе дапамагчы, усім напляваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG