Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gulagu.net апублікаваў кадры з новага архіву запісаў катаваньня зьняволеных у Краснаярскім краі Расеі


Катаваньні ў Краснаярскай калёніі. Здымкі Gulagu.net

Праваабарончы праект Gulagu.net апублікаваў новыя кадры запісаў катаваньня з «прэс-хаты», як мяркуецца, у адной з краснаярскіх калёніяў. Паказаны запіс, як пазначана ў апісаньні пад відэа, — гэта «менш як 1%» ад атрыманых праектам матэрыялаў.

На кадрах супрацоўнік Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Расейскай Фэдэрацыі (ФСВП) размаўляе з двума зьняволенымі. Заснавальнік Gulagu.net Уладзімір Асечкін тлумачыць, што ў «прэс-хаце» застаюцца супрацоўнік ФСВП і двое яго «негалосных агентаў», зь якімі ён абмяркоўвае, каго яны ўжо білі, а каго яшчэ будуць катаваць і біць.

Потым да іх заводзяць двух чалавек, аднаго зь якіх б’юць так званыя агенты. З словаў Асечкіна, адзін са зьняволеных разгортвае матрацы і коўдры такім чынам, каб катаваньні ня трапілі на камэру. Супрацоўнікі ФСВП пры гэтым нічога ня робяць, каб спыніць біцьцё, бо ўсё гэта адбываецца пад кантролем спэцслужбы, указвае праваабаронца.

На іншых кадрах чалавек падае з вакна. Асечкін са спасылкай на крыніцу ва ўпраўленьні ФСВП у Краснаярскім краі паведаміў, што гэта зрабілі наўмысна, а мужчына памёр праз два дні пасьля падзеньня.

Уладзімір Асечкін раней расказаў, што новы інфарматар праекту змог вывезьці з Расеі новы архіў запісаў катаваньня зьняволеных у сыстэме ФСВП. Паводле яго, у архіве аб’ёмам 200 гігабайт ёсьць сьведчаньні катаваньняў з Краснаярску, учыненых з 2016 па 2019 гады, а таксама з Забайкальля і Прыморскага краю.

Асечкін адзначыў, што новы архіў сьведчыць пра катаваньні ня толькі ў Саратаве, але і ў іншых рэгіёнах. У ім таксама ёсьць доказы, што катуюць супрацоўнікі ня толькі ФСВП, але і ФСБ.

  • У кастрычніку і лістападзе праваабарончы праект Gulagu.net апублікаваў запісы катаваньняў, зьдзекаў і згвалтаваньняў зьняволеных у сухотным шпіталі ФСВП у Саратаўскай вобласьці.
  • Архіў быў атрыманы дзякуючы былому вязьню саратаўскай турмы, беларускаму грамадзяніну Сяргею Савельеву, зь якім таксама жорстка абыходзіліся. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Пры вызваленьні ён змог вынесьці флэшку з запісамі катаваньняў. Цяпер ён у Францыі, дзе сустракаецца з журналістамі, працуе з адвакатам і накіроўвае звароты ў праваахоўныя органы Эўропы.
  • Пасьля публікацыі першай часткі відэаархіву больш за 400 зьняволеных расказалі пра катаваньні ў саратаўскай турэмнай лякарні, а таксама пра пабіцьцё і вымагальніцтва ў самой калёніі.
  • У Генэральнай пракуратуры Расеі паведамілі, што ФСВП расьсьледуе 12 справаў аб згвалтаваньнях, вымагальніцтвах, перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG