Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Расеі спыніла справу супраць беларускага праграміста, які апублікаваў запісы з катаваньнямі ў турмах


Інфарматар Gulagu.net, былы зьняволены Сяргей Савельеў
Інфарматар Gulagu.net, былы зьняволены Сяргей Савельеў

Пракуратура Расеі спыніла крымінальную справу ў дачыненьні да беларускага праграміста Сяргея Савельева, які перадаў праваабаронцам архіў з запісамі катаваньняў у турэмным шпіталі і ў калёніях у Расеі.

Копію пастановы апублікаваў тэлеграм-канал «Асьцярожна, навіны».

Савельеў абвінавачваўся ў незаконным атрыманьні доступу да інфармацыі, якая ахоўваецца законам. У пастанове, падпісанай намесьнікам пракурора Саратаўскай вобласьці Андрэем Карнаваравым, сказана, што крымінальная справа ўзбуджана заўчасна, а абставіны магчымага злачынства ня высьветленыя.

Савельеў быў завочна арыштаваны і абвешчаны ў вышук. Пракуратура патрабуе адмяніць арышт. Сьцьвярджаецца, што ён ужо выдалены з базы вышуку. Сам праграміст знаходзіцца ў Францыі. Ён папрасіў ва ўладаў краіны палітычнага прытулку.

Таксама сёньня стала вядома, што 18 супрацоўнікаў саратаўскага ўпраўленьня Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў звольненыя пасьля публікацыі відэазапісаў з катаваньнямі зьняволеных у абласным турэмным шпіталі. 11 прыцягнутыя да «строгай дысцыплінарнай адказнасьці». Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў начальніка ўпраўленьня ФСВП Антон Яфаркін, яго словы прыводзіць Інтэрфакс.

Заснавальнік праваабарончага праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін апублікаваў на Youtube-канале праекту новыя відэадоказы згвалтаваньняў зьняволеных у саратаўскім турэмным сухотным шпіталі.

Як сьцьвярджае Асечкін, у актах згвалтаваньняў удзельнічалі людзі, афіцыйна працаўладкаваныя ў шпіталь санітарамі і заўгасамі, а курыравалі іх начальства абласнога УФСІН, начальнік аддзелу «М» рэгіянальнага ўпраўленьня ФСБ і адзін з намесьнікаў дырэктара ФСВП Расеі. У апісаньні да відэа праваабаронца прыводзіць іх прозьвішчы. Усяго ў сьпісе 13 чалавек.

Па словах Асечкіна, відэа са згвалтаваньнямі перадавалі кіраўніцтву сухотнага шпіталя, пасьля чаго файлы з грыфам «сакрэтна» перапраўлялі ў ФСВП і ФСБ са справаздачай аб праведзеным «спэцыяльным мерапрыемстве». Пасьля гэтага апэратыўнікі ФСВП і ФСБ альбо вэрбавалі ахвяр катаваньняў і выкарыстоўвалі іх у якасьці агентаў, альбо, у выпадку адмовы, дыскрэдытавалі іх у асяродзьдзі зьняволеных, абвяшчаючы пра факт згвалтаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG