Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі атрымалі права праводзіць праверку грамадзян па-за пунктамі пропуску


Украінскія памежнікі ў Новых Ярылавічах пры мяжы зь Беларусьсю

Украінскія памежнікі зь сярэдзіны сьнежня атрымалі права праводзіць праверку асабістых рэчаў і аўтамабіляў грамадзян, якія знаходзяцца ў кантраляваным памежным раёне.

Апроч таго, як паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны, памежнікі цяпер таксама маюць права праводзіць павярхоўную праверку грузаў. Адпаведныя зьмены, унесеныя ў закон «Аб Дзяржаўнай памежнай службе», набылі юрыдычную моц 15 сьнежня.

«Зьмены, унесеныя ў закон, зрабілі магчымым ня толькі выкарыстоўваць спэцсродкі і зброю, але і ажыцьцяўляць павярхоўную праверку транспартных сродкаў, грамадзян і грузаў», — адзначыў начальнік упраўленьня адміністратыўнай юрысдыкцыі адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Юрый Курылюк.

Паводле яго, памежнікі могуць спыняць транспартныя сродкі, якія знаходзяцца ў кантраляваным памежным раёне і аглядаць і правяраць на знаходжаньне ў іх нелегальных мігрантаў, наркотыкаў і іншай забароненай для перамяшчэньня маёмасьці.

У прыватнасьці, цяпер грамадзяне абавязаныя адкрываць багажнікі, дзьверы, сумкі, капот, каб памежнікі мелі магчымасьць праверыць аўтамабіль і асабістыя рэчы. Адмова выканаць распараджэньне ўкраінскага памежніка будзе кваліфікавацца як «злоснае непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню вайскоўца ці супрацоўніка Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, сябра грамадзкага фармаваньня па ахове грамадзкага парадку і дзяржаўнай мяжы». Гэта адміністрацыйнае правапарушэньне караецца або штрафам у памеры ад 85 да 179 грыўняў, або выпраўленчымі працамі да двух месяцаў, або адміністрацыйным арыштам на 15 сутак.

У той жа час у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны падкрэсьлілі, што такія кантроль і праверка не пазбаўляюць грамадзян ад неабходнасьці праходзіць мытны кантроль у пунктах пропуску ў выпадках, калі яны перасякаюць мяжу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG