Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Украіны пра абарону мяжы на поўначы і ўсходзе: «Умацоўваем памежную інфраструктуру ня толькі з адной краінай»


Дзяніс Шмыгаль
Дзяніс Шмыгаль

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль разьлічвае, што пры дапамозе міжнародных партнэраў напружанасьць у рэгіёне, выкліканая канцэнтрацыяй расейскіх войскаў каля ўкраінскіх межаў, удасца зьнізіць.

«Ніхто не расслабляецца. Украіна восьмы год вядзе вайну, гэта па-першае. Пагрозы павялічваюцца і зьмяншаюцца ў розныя пэрыяды часу. Цяпер сапраўды была напружанасьць, якая пры дапамозе міжнародных партнэраў, мы спадзяёмся, будзе лякалізавана. Але нашыя ўзброеныя сілы гатовыя ў любы час абараняць нас з вамі», — заявіў Дзяніс Шмыгаль 17 сьнежня ў парлямэнце, адказваючы на пытаньне аб умацаваньні мяжы зь Беларусьсю і стварэньні памежнай абарончай інфраструктуры.

«Наконт умацаваньня ўчастку мяжы. Насамрэч урад, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўная памежная служба распрацавалі праграму будаўніцтва дзяржаўнай мяжы: асобна цывільнай інфраструктуры — пунктаў пропуску, і асобна памежнай інфраструктуры, якая абараняе нашу дзяржаву з усіх бакоў, ня толькі з боку адной зь дзяржаў», — удакладніў ён.

Дзяніс Шмыгаль нагадаў, што ўрад выдзеліў з рэзэрвовага фонду грошы на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. «І адпаведныя сродкі, у прыватнасьці, закантрактаванае набыцьцё калючага дроту, так званай, „егазы“, і ствараюцца адпаведныя ўмацаваньні. Паводле стану на сёньня — гэта ўжо 50 кілямэтраў на тых участках, дзе найбольш імаверныя, скажам так, пэўныя дзеяньні з боку іншых дзяржаў».

Цягам свайго адказу прэм’ер-міністар пазьбягаў удакладняць назвы краін. У сваім адказе ён не згадаў ні Беларусь, ні Расею. Будаўніцтва так званай «сьцяны» на мяжы з Расеяй ажыцьцяўляецца з 2015 году, а зь Беларусьсю — толькі сёлета з восені.

«Больш актыўна праца працягваецца дзень пры дні», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Украіны.

Украіна пачала ўмацоўваць сваю мяжу зь Беларусьсю на тле міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы.

Пазьней міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі заявіў, што Ўкраіна цягам бліжэйшых двух гадоў завершыць уладкаваньне мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Міністар анансаваў, што ў 2022 годзе пачнецца «вялікае будаўніцтва мяжы».

«Гэта і інжынэрныя збудаваньні, выкананыя спэцыялістамі, і ўвогуле інтэлектуальная мяжа, якая дазволіць памежнікам на 100 адсоткаў кантраляваць мяжу нашай краіны», — паведаміў Дзяніс Манастырскі.

10 сьнежня стала вядома, што ЗША ў 2022 годзе выдзеляць 20 мільёнаў даляраў на рэалізацыю праекту ва Ўкраіне па ўзмацненьні бясьпекі мяжы зь Беларусьсю і Расеяй.

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.

Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG