Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO ня бачыць скарачэньня расейскіх войскаў ля межаў Украіны і заклікае Расею да перамоў


Енс Столтэнбэрг і Ўладзімір Зяленскі.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заклікаў Расею зьменшыць напружанасьць у рэгіёне і адвесьці свае войскі ад межаў Украіны.

«Мы абмеркавалі значнае нарошчваньне расейскіх войскаў вакол Украіны. Дзясяткі тысяч вайскоўцаў, артылерыя, танкі і гэтак далей. Мы ня бачым ніякіх прыкмет, што нарошчваньне запавольваецца ці зьмяншаецца. Гэтае нарошчваньне ня мае ніякіх апраўданьняў. Гэта прывозіць да дэстабілізацыі і падрывае бясьпеку ў Эўропе», — заявіў Енс Столтэнбэрг у Брусэлі 16 сьнежня на супольным брыфінгу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Генэральны сакратар NATO заклікаў Расею да перамоў у фармаце рады «Расея — NATO». «Любая наступная агрэсія будзе мець наступствы і за гэта давядзецца заплаціць высокую цану», — падкрэсьліў Енс Столтэнбэрг.

Енс Столтэнбэрг зноў падкрэсьліў, што будучае сяброўства Ўкраіны ў Паўночнаатлянтычным альянсе ня можа быць прадметам кампрамісу:

«Украіна мае права выбіраць меры бясьпекі. Гэта фундамэнтальны прынцып эўрапейскай бясьпекі. І рашэньне далучыцца да NATO будуць ухвальваць толькі Ўкраіна і 30 чальцоў альянсу».

У сваю чаргу Ўладзімір Зяленскі адзначыў, што сытуацыю ў акупаваных тэрыторыях Данбасу і Крыму варта разглядаць у кантэксьце зь іншымі гібрыднымі элемэнтамі, якія «расейскі бок выкарыстоўвае для шантажу і ціску на Ўкраіну».

«Найперш гаворка ідзе пра выкарыстаньне мігрантаў як зброі, стварэньне штучнага энэргетычнага крызісу, распаўсюд дэзынфармацыі, зьдзяйсьненьне кібэратак. Вельмі паказальна, што гэтыя выклікі — гэта элемэнты агульнага сцэнару ў дэстабілізацыі сытуацыі па бясьпецы ў рэгіёне, ва Ўкраіне і ў цэлым у Эўропе. Іх мэта — стварыць дэстабілізацыю на мяжы з краінамі NATO, стварыць у грамадзтве наратыў аб слабасьці NATO і заблякаваць эўраатлянтычную інтэграцыю Ўкраіны», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што курс на эўрапейскую і атлянтычную інтэграцыю Ўкраіны застаецца нязьменным, і падтрымка гэтай ідэі ў грамадзтве істотна павялічваецца.

Кантакты Ўкраіны з Эўрапейскім Зьвязам, ЗША і NATO актывізаваліся на тле канцэнтрацыі Расеяй сваіх войскаў паблізу межаў Украіны. За апошнія некалькі тыдняў адбылося некалькі сустрэчаў і тэлефонных размоў кіраўніцтва Ўкраіны з лідэрамі эўрапейскіх краін і ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG