Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Чылі выбралі 35-гадовага «нэамарксіста», які абяцаў «пахаваць нэалібэралізм»


Габрыэль Борыч
Габрыэль Борыч

Новым прэзыдэнтам Чылі ў другім туры выбараў, якія прайшлі ў нядзелю 19 сьнежня, выбралі кандыдат ад левых сіл Габрыэля Борыча.

Ва ўзросьце 35 гадоў былы студэнцкі лідэр стаў самым маладым абраным прэзыдэнтам Чылі ў гісторыі. Ён стане таксама адным з самых маладых кіраўнікоў дзяржаў у сучасным сьвеце.

Борыч, паводле папярэдніх зьвестак, набраў у другім туры каля 56 працэнтаў галасоў, апярэдзіўшы правага папуліста Хасэ Антоніё Каста, якога называюць «чылійскім Трампам». Каст ужо прызнаў паразу і заклікаў сваіх прыхільнікаў дзеля адзінства нацыі падтрымаць новага прэзыдэнта.

Назіральнікі адзначаюць, што абодва кандыдаты не належаць да палітычнага мэйнстрыму. Яны прадставілі радыкальна супрацьлеглыя праграмы разьвіцьця краіны, якія прадугледжваюць шэраг важных рэформ. У той час як Каст выступаў за працяг палітыкі правага дыктатара Аўгуста Піначэта, нашчадак харвацкіх і каталёнскіх эмігрантаў Борыч называе сябе «неамарксістам» і прагрэсістам.

Падчас перадвыбарнай кампаніі ён абяцаў «пахаваць нэалібэралізм». У аснове яго праграмы на найбліжэйшы час — фундамэнтальныя зьмены заканадаўства, поўная замена прыватнай пэнсійнай сыстэмы ў краіне на дзяржаўную, рэзкае павышэньне падаткаў для прыватнага сэктару і такое ж маштабнае павелічэньне расходаў на сацыяльную сфэру і разнастайныя дапамогі для маламаёмасных. Борыч падтрымліваў масавыя пратэсты ў Чылі ў 2019 і 2020 гадах, якія прывялі да распрацоўкі новай Канстытуцыі краіны, рэфэрэндум аб якой, як чакаецца, пройдзе ў 2022 годзе.

Чылі традыцыйна адна з найбольш эканамічна разьвітых краін Лацінскай Амэрыкі. Аднак пры гэтым яна стала за апошнія гады самай дарагой краінай рэгіёну, пры тым што даходы большай часткі насельніцтва засталіся прыкладна такімі ж, як і дзесяцігодзьдзі таму. Зарплаты і і пэнсіі ў пераважнай частцы жыхароў чылійскіх гарадоў нізкія, а сыстэмы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнага забесьпячэньня працуюць усё горш — асабліва з пачаткам пандэміі COVID-19. Расьце эканамічная і сацыяльная няроўнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG